Год іншай рэальнасці



На гэтым тыдні спаўняецца роўна год, калі Расея пачала новы гарачы этап вайны супраць Украіны і ажыццявіла шырокамаштабнае збройнае ўварванне на яе тэрыторыю. Год зусім іншай рэальнасці як мінімум для ўсёй Еўропы. Праз год страшнай вайны і разбурэнняў – фізічных, матэрыяльных, духоўных, псіхалагічных, сітуацыя застаецца заблытанай у ацэне перспектыў, далейшага разгортвання і патэнцыйнага прыпынення ці завяршэння гэтай вайны.

У аналітычных разважаннях можна сустрэць нават амаль супрацьлеглыя меркаванні. Паспрабуем зараз скампанаваць іх у два асноўныя бачанні становішча. Першае з іх грунтуецца на тым, што зыход вайны зразумелы. Расея ня можа выйграць, задуманы Масквой бліц-крыг з трэскам праваліўся, за год яна страціла асноўныя баяздольныя структуры сваёй арміі і не ў стане накапіць і сцягнуць аналагічныя рэзервы. Эфектыўная мабілізацыя ў яе не атрымліваецца, новы наступ не ўдаецца, паколькі расейскае войска калі пасоўваецца наперад, то на лічаныя метры ў дзень. А з іншага боку, Захад як ніколі кансалідаваны ў сваёй палітыцы. Паводле меркавання адных, ён зараз паскорыць пастаўкі зброі Украіне, узмацніць санкцыі да Расеі, каб хутчэй завяршыць вайну і прывесці Маскву да паразы. На думку іншых, Захад, каб не падштурхнуць крамлёўскага вурдалака да неадэкватных і непапраўных дзеянняў, не дапусціць эскалацыі і рэальнай ядравай катастрофы, абраў тактыку маруднага «падсмажвання жабы на агні». З разлікам таго, што такая тактыка пакрокавага здушэння ўрэшце прывядзе да сапраўднага крызісу ў Расеі і пераменаў там у вышэйшых эшалонах улады.

Іншае меркаванне аналітыкаў палягае на тым, што Расея сапраўды ня можа выйграць гэтую вайну, але адначасна яна ня можа яе і прайграць. У тым сэнсе, што яна не ў стане заваяваць асноўную тэрыторыю Украіны і ўтрымаць ужо захопленую, але яна ня можа спыніць гэтую агрэсію. Людскіх рэсурсаў у Расеі намнога больш, чым ва Украіны, а з фізічнымі чалавечымі стратамі расейцы, яшчэ з часоў Суворава ніколі не лічыліся. Каштоўнасць чалавечага жыцця ў Масковіі з далёкага часу Івана Грознага роўная нулю. Той наступ метрамі, пра які згадвалася вышэй, забяспечваецца сапраўды закідваннем трупамі суперніка ў наўпроставым сэнсе. На пэўных участках фронту ўкраінцам нават бракуе снарадаў, яны не паспяваюць папаўняць запасы, настолькі часта ідуць хвалі расейскіх шалёных атакаў. Таму вайна будзе яшчэ досыць працяглай.

Да ўсяго Расеі дапамагаюць іншыя таталітарныя рэжымы свету – Іран і Паўночная Карэя ўжо адкрыта, Кітай – патаемна і патэнцыйна больш сур’ёзна. Пры тым Захад зусім непаслядоўны ў сваіх эканамічных санкцыях – нафта-газавае эмбарга супраць Масквы так і не ўведзена, а іншыя санкцыі найбольш адбіваюцца на людзях, але ніяк не на вярхушцы маскоўскай газпрамаўскай мафіі, якая працягвае штодзённа атрымліваць мільённыя прыбыткі. Да гэтага часу ЗША і Еўразвяз не далі Украіне сур’ёзнай цяжкай наступальнай зброі, каб тая магла хутчэй вызваляць сваю тэрыторыю. Абяцаны Амерыкай лэндліз так і не запрацаваў. Сама Украіна страціла дастаткова шмат сваіх салдат, лепшых ваяроў і яе мабілізацыйныя людскія рэсурсы зараз абмежаваныя. У Еўразвязе надыходзіць «стомленасць вайной». Ёсць і меркаванне, што заходняя палітыка скіравана не толькі на тое, каб спакваля знясіліць Расею і прывесці яе да краху, але і ў значнай ступені на тое, каб паставіць пасляваенную Украіну ў глыбокую фінансавую і гаспадарчую залежнасць, мець значныя рычагі ўплыву на яе. Такія развагі, ведаючы ранейшую рэал-палітык і цынічнасць моцных гэтага свету, якія ў значнай ступені прывялі да ўзмацнення пуцінскага рэжыму і яго «разбэшчвання», зусім не беспадстаўныя.

Які падыход Захаду да гэтай вайны пераважвае насамрэч, вызначыць цяжка. Хутчэй усяго адзінага падыходу няма і ўсе выказаныя меркаванні могуць быць праўдзівымі. Тым больш, што не ўсе рэчы і працэсы відавочныя, шмат што вырашаецца, як кажуць, «за кулісамі» знешняй палітыкі і вядомай інфармацыі.

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, №9, 2023 г.