Прыгажосць краявідаў Гайнаўшчыны – на выставе Даніэля Грамацкага і Валянцінаса Варнаса
Пра выяўленчае мастацтва. Пясняр краявідаў Гайнаўшчыны Даніэль Грамацкі і ягоны літоўскі сябар Валянцінас Варнас адкрылі выставу ў беластоцкай кавярні «Заходняя».

У экспазіцыі краявіды, якія мастакі намалявалі падчас зімовага двухтыднёвага пленэру ў ваколіцы Гайнаўкі. Чаму выстава адбываецца ў кавярні – патлумачыў Даніэль Грамацкі:
– Кавярня ёсць добрым месцам каб выстаўляць карціны. Бо тут пабачаць карціны нават тыя асобы, якія не хочуць іх пабачыць. А я думаю, што гэта вельмі добрая ідэя, рабіць выставу – там дзе людзі, а не там – дзе ёсць прымус. Няхай кліенты кавярні «Заходняй» прыходзяць, аглядаюць, замаўляюць смачныя булачкі і каву, і пры гэтым могуць ацэньваць не толькі кулінарныя якасці, але і мастацкія.
Гэта ўжо другая пасляпленэрная выстава мастакоў. Першая адбылася ў галерэі ў Нараўцы. Мастакі за два тыдні намалявалі 72 карціны. У Нараўцы, каб іх усе паказаць, прыйшлося зрабіць аднадзённую выставу на плоце ў дворыку галерэі. У кавярні «Заходняя» выстаўлена толькі невялікая частка гэтых карцін.






Беларускае Радыё Рацыя