Памёр драматург Аляксей Дудараў




27 лютага ў Менску пайшоў з жыцця беларускі сцэнарыст і драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, аўтар «Белых рос» і «Радавых» Аляксей Дудараў, паведамляе Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Творцу было 72 гады.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Кляны, што пад Дуброўнам, на самым усходзе Беларусі. Паходзіў ён з адной тых рэдкіх усходнебеларускіх сем’яў, у якіх у вайну выжылі і бацька, і маці. Праз бацьку-франтавіка і аднавяскоўцаў, ён увабраў у сябе ваенную тэматыку, і вайна стала моцнай тэмай Дударава-драматурга.

Аўтар п’ес «Выбар» (пастаўлена ў 1979), «Парог» (пастаўлена ў 1981), «Апошні ўзлёт» (пастаўлена ў 1982), «Вечар» (пастаўлена ў 1983), «Радавыя» (пастаўлена ў 1984), «Злом» (пастаўлена ў 1988), «Вежа» (з У.Някляевым, пастаўлена ў 1990), «Князь Вітаўт» (1994), «Чорная панна Нясвіжа» (2000) і іншых.

Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы «Кола» (1977), «Дэбют» (1978), «Буслянё» (1980) і мастацкія — «Суседзі» (1979), «Купальская ноч» (1982), «Белыя росы» (1984), «Восеньскія сны» (1986) і іншыя.

Пра месца пахавання паведамяць пазней.