Любіў журналістыку і краязнаўства
1 сакавіка споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння журналіста, краязнаўца, шчырага змагара за беларускасць Аляксандра Жалкоўскага (1933-2011).
Нарадзіўся ён 1 сакавіка 1933 года ў вёсцы Сасновы Бор (да перайменавання Цёмнае Балота) Шчучынскага раёна.
У розныя гады Аляксандр Жалкоўскі ўзначальваў Воранаўскую, Мастоўскую, Лідскую газеты, звыш 15 гадоў працаваў у „Гродзенскай праўдзе”. Пасля на пенсіі супрацоўнічаў з такімі выданнямі, як „Звязда” „Беларуская ніва”, „Літаратура і мастацства”, „Краязнаўчая газета”, „Наша слова”, „Настаўніцкая газета”, „Прынёманскія весці”, „Лідская газета” і з іншымі. Тэматыка публіцыстычных матэрыялаў Аляксандра Жалкоўскага была даволі разнастайнаю. Гэта і падзеі культурнага жыцця рэгіёна, творчая дзейнасць мастацкіх калектываў і асобных паэтаў, скульптараў, мастакоў, музыкаў, гэта і грамадскія з’явы, праблемы эканомікі, грамадскіх арганізацый, міжнацыянальныя адносіны, жыццё ўстаноў адукацыі…
Як грамадзянін і чалавек Аляксандр Жалкоўскі да самай смерці займаў актыўную жыццёвую пазіцыю. Яго дабрачынная дзейнасць мае свае заслужаныя вынікі. Калі быў рэдактарам лідскай газеты „Уперад”, то ён і яго калегі прымалі ўдзел у донарскім руху і ў дзейнасці савецкага фонду міру, за што Аляксандр Жалкоўскі быў уганараваны званнем „Ганаровы донар СССР” і Ганаровай граматай савецкага фонду міру за подпісам яго старшыні героя мінулай вайны Аляксея Марэссева. За шматлікія публікацыі аб духоўнай прыгажосці чалавека журналіст быў узнагароджаны медалём „2000 год Хрысціянству”.
Трэба адзначыць, што Аляксандр Жалкоўскі ведаў усіх літаратараў Лідчыны, і быў асабіста добра знаёмы з многімі з іх. Ён адкрыў шматлікім чытачам імя земляка з Варшавы, вядомага публіцыста і збіральніка фальклору Лідчыны Земавіта Фядэцкага, сына землеўласніка з маёнтка Лебяда.

Аляксандр Жалкоўскі на працягу ўсяго жыцця заставаўся змагаром за роднае слова, заступнікам за народ беларускі. У апошнія гады, калі раённыя і абласныя газеты станавіліся рускамоўнымі, Аляксандр Васільевіч не здаўся, не апусціў рук, не здрадзіў роднай мове. Ён працягваў пісаць па-беларуску, размаўляць на роднай мове, выступаць на розных сустрэчах. І яго беларускасць была настолькі натуральнай, што іншым ён і не ўяўляўся. Такім і застаўся Аляксандр Жалкоўскі ў памяці тых, хто яго ведаў і сябраваў з ім.
Беларускае Радыё Рацыя
