Анатолю Сідарэвічу – 75



Беларускаму гісторыку, крытыку, філосафу, педагогу, публіцысту і грамадскаму дзеячу Анатолю Сідарэвічу 1 сакавіка спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння.

Родам спадар Анатоль з вёскі Задуб’е Ганцавіцкага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Крыніца”, у Беларускім гуманітарным ліцэі. Выкладаў таксама ў Беларускай акадэміі мастацтваў, Менскім вышэйшым радыётэхнічным каледжы і Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя Андрэя Сахарава.

У 1991 годзе ўступіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю. Неаднаразова выбіраўся сябрам Цэнтральнага Камітэта БСДП, быў намеснікам старшыні БСДП, старшынёй Менскай гарадской партыйнай арганізацыі.

Выступае ў друку як гісторык, літаратурны крытык і публіцыст. Укладальнік, аўтар прадмоваў і каментатароў да кніг Антона Луцкевіча “Да гісторыі беларускага руху”, “Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва”, “Барацьба за вызваленьне”, а таксама кніг “Дэкларацыі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу” і “Пра Івана Луцкевіча” (2007). Рыхтаваў да друку брашуру “Матэрыялы Устаноўчага З’езду Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. 2–3 сакавіка 1991 года, г. Менск” (1991). Аўтар прадмовы да зборніка Міхася Ткачова “Паходня: Кніга публіцыстыкі” (1994) і брашуры “Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі. Антон Луцкевіч” (1999). Суаўтар і рэдактар брашуры «Белорусская социал-демократия в вопросах и ответах” (2000) і многіх іншых.

Шчыра віншуем спадара Анатоля з юбілеем. Жадаем здароўя, творчых сіл і добрага настрою!

Беларуская Радыё Рацыя