Праваабарончыя арганізацыі выступілі са зваротам напярэдадні агучвання прысуду „вясноўцам”



21 праваабарончая арганізацыя выступіла са зваротам напярэдадні агучвання прысуду „вясноўцам”. Заўтра, 3 сакавіка, суд Ленінскага раёна Менску агучыць рашэнне па палітычна матываванай справе супраць кіраўніка „Вясны” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча, юрыста „Вясны” Уладзіміра Лабковіча.

У заяве праваабарончай супольнасці адзначаецца, што Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча праследуюць у адплату за правядзенне законнай праваабарончай дзейнасці, а судовы працэс над імі і папярэдні перыяд расследавання суправаджаліся шматлікімі парушэннямі правоў чалавека і стандартаў справядлівага судовага разбору. Арганізацыі, якія падпісалі дакумент, яшчэ раз рашуча асуджаюць крымінальны пераслед праваабаронцаў і паўтараюць свой заклік да ўладаў вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зняць з іх усе абвінавачванні і спыніць судовы пераслед усіх праваабаронцаў у краіне.