“Вывалаклі з дому, а далей стандартная схема: ГУБОПіК, Следчы камітэт, Акрэсціна”



Святлана з Менску прымала ўдзел у акцыях у 2020 годзе, а прышлі па яе праз 2 гады. Яна лічыць, што дапамагла спецслужбам сама, выклаўшы свае здымкі з акцый у сацсеткі. 

Неўзабаве здымкі дзяўчына прыбрала, але яны ўжо паспелі трапіць у рукі сілавікоў.  Кажа Святлана:

Прыйшлі да мяне дадому. Вывалаклі з дому. Дзякуй Богу, далі апрануцца. Але пры гэтым нават не давалі схадзіць у туалет у сябе дома. Казалі, каб я ўсе справы рабіла з адчыненымі дзвярыма. Таму што яны тут зараз гаспадары і яны кажуць, што мне рабіць. Вывалаклі мяне і стандартная схема: ГУБОПіК, Следчы камітэт, Акрэсціна. 10 дзён я прасядзела на Акрэсціна, пасля мяне выпусцілі пад заклад. Далей я чакала суда. Два гады „хіміі” з накіраваннем. Хоць у мяне быў толькі адзін марш. І ўсе падобныя выпадкі завяршаліся “хатняй хіміяй”.

Святлана здзейсніла ўцёк зімой, было вельмі холадна і страшна. Але зняволенне было яшчэ больш страшным.  Зараз Святлана рыхтуе дакументы на міжнародную абарону і праходзіць адаптацыю ў новай краіне.

Беларускае Радыё Рацыя