Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам „Вясны” (абноўлена)



У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 3 сакавіка, суддзя Марына Запаснік абвесціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка „Вясны” і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна).

Яна прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за „фінансаванне пратэстаў” у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за „кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай”. Яна прызначыла тэрміны вясноўцам ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы. Падчас прысуду іх рукі былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Праваабаронцы не прызналі сваёй віны. Напярэдадні вынясення прысуду 21 міжнародная праваабарончая арганізацыя выступіла з заявай, у якой патрабавалі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні. За мяжой праходзяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі. Нагадваем, за што пераследуюць нашых калегаў і коратка пераказваем судовы працэс над вясноўцамі, які цягнуўся два месяцы.

Суд па „справе Вясны”, студзень 2023 года

Якія тэрміны прызначылі праваабаронцам?

Суддзя Марына Запаснік прызначыла:

  • Старшыні „Вясны” і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Намесніку старшыні „Вясны” і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Каардынатару кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Праваабаронцы „Вясны” Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Таксама кожнаму прызначаны штраф па пяць тысяч базавых велічыняў (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 даляраў). Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

На відэа, якое апублікавала „Белта”, бачна, што залю запоўнілі маладымі хлопцамі ў цывільным. Верагодна, гэта курсанты Акадэміі МУС. Раней такая практыка была распаўсюджанай на адкрытых палітычных працэсах. Гэта робіцца, каб у залю не маглі патрапіць людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.

***

У Вільні проста цяпер праходзіць акцыя салідарнасці з асуджанымі праваабаронцамі „Вясны”: Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам.

Беларускае Радыё Рацыя