Іллю Шапаткоўскага, які ўтрымліваецца ў СІЗА больш за 2,5 гады, пачнуць судзіць 15 сакавіка
Палітвязень знаходзіцца ў СІЗА ўжо 2 гады, 6 месяцаў і 27 дзён. Яму інкрымінавана ч.1 арт.357 КК (іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).

Паводле ведамства, «абвінавачаны адказваў за дэструктыўную інфармацыйную павестку, размяшчаючы медыяматэрыялы, накіраваныя выключна на нанясенне шкоды рэпутацыі дзяржаўных органаў, праваахоўнага блока і прадстаўнікоў улады. Мэта — закласці зерне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве.
Ён актыўна падзяляў ідэі злачынных фармаванняў і спрыяў ім у дасягненні азначаных мэтаў шляхам забеспячэння інфармацыйнага суправаджэння, культываваў і прапагандаваў у грамадстве пратэсныя настроі».
Яго справу пачнуць разглядаць 15 сакавіка ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Бугук.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Ілля Уладзіміравіч Шапаткоўскі.
Вясна