Кацярына Зюзюк: Больш не магу чытаць навіны з Беларусі
Чым жыве беларуская дыяспара Італіі? Пра гэта паразмаўлялі ў нашым эфіры з Кацярынай Зюзюк – актывісткай беларускай дыяспары, перакладчыцай і музыкай, якая жыве ў Трэнта, на поўначы Італіі.
РР: Ты нядаўна напісала, што ўжо не можаш чытаць навіны з Радзімы. Чаму так сталася? Ці ты ўжо нейкі перадоз атрымала ад гэтай негатыўнай інфармацыі? Ці былі ўсё ж навіны, якія цябе неяк узрадавлі ці абнадзеілі?
Кацярына Зюзюк: Ты слушнае слова выкарыстаў – перадоз. Бо насамрэч я больш ужо не магу. Добрых навінаў не вельмі шмат. Усё больш навіны пра рэпрэсіі і яны ўжо ідуць такім патокам, і гэта ўжо стала такой штодзённасцю. І мне гэта вельмі балюча чытаць, нягледзячы на тое, што ўжо два з паловай года ў Беларусі такая сітуацыя. Да гэтага ўсё роўна нельга прывыкнуць, нават калі ты непасрэдна там не жывеш. Калі ты чытаеш пра тое, што да некага прыйшлі, паклалі на падлогу тварам ці ў камеры на два чалавекі – было 15. Я проста больш не магу! Я заходжу адзін раз на тыдзень паглядзець, што адбылося, і потым выходжу.
РР: У Беларусі судзілі Нобелеўскага лаўрэата. Таксама гістарычная падзея гэтага тыдня. Увогуле, італьянская прэса неяк зрэагавала на гэта?
Кацярына Зюзюк: Суполка беларусаў у Італіі – гэта такі паблік на італійскай мове для італійцаў. Мы зрабілі пост гэтай навіны. Мы і раней, падчас пратэстаў 2020 года проста посцілі па-італійску навіны з Беларусі. Мы намагаліся даваць інфармацыю, якой у італійскіх медыя не было. І калі ты актывіст, і калі ты ўвесь час перакладаеш гэтыя навіны, ты ў гэтай кашы варышся, табе здаецца, што ўвесь свет распавядае пра Беларусь. Але насамрэч гэта не так. У італійскай прэсе Беларусь прайшла вось у жнівень-верасень 2020 года, потым, калі самалёт Ryanair пасадзілі з Пратасевічам. І калі Азаронак прайшоўся па італійскім гурце Maneskin, які перамог на “Еўрабачанні” у 2021 годзе.
РР: Беларусы Італіі жывуць сінхронна з беларусамі ў самой Беларусі. І ў вас у 2020 – 2021 гадах былі вулічныя акцыі, пікеты. Што думаеце на гэты сезон рабіць?
Кацярына Зюзюк: Я нават сама вельмі ўразілася, асабліва 2020 год, як дыяспара ўся мабілізавалася. Як гэта было сінхронна ва ўсіх краінах. Трыгерам быў арышт Сяргея Ціханоўскага. А калі арыштавалі Бабарыку – гэта быў паваротны момант, я так гэта ўспрымаю. Беларусы замежжа звязаныя з Беларуссю інфармацыйнай пупавінай. Мы як адзін розум. Інфармацыя распаўсюджваецца імгненна. Што мы збіраемся рабіць? Я скажу, што людзі стаміліся. Можна сказаць – з чаго б вам тут стаміцца? У вас усё ў шакаладзе, вы жывяце ў свабодных краінах. Якія ў вас праблемы? Можа не ўсе з нас, але мы расчараваліся ва ўсіх тых публічных акцыях, якія мы рабілі тут цягам двух з паловай год. Мы зараз больш сканцэнтраваліся на адраснай дапамозе. Мы дапамагаем канкрэтным сем’ям у Беларусі, з якімі ёсць прамы кантакт. Каб падтрымаць у Беларусі тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
