Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які загінуў абараняючы Азоўсталь



Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які загінуў ва Украіне. Гэта Яўген „Мальдэр” Логінаў, які бараніў „Азоўсталь”.

Баец палка „Азоў” Руслан „Давід”, які стаяў на абароне Марыупаля і якога называюць легендай баёў за „Азоўсталь”, распавёў пра гераічнае змаганне беларуса Яўгена Логінава, з якім яны ваявалі поплеч. Паводле „Давіда”, беларус Яўген Аляксандравіч Логінаў з пазыўным „Мальдэр” загінуў яшчэ 5 траўня 2022 года ў ваколіцах „Азоўсталі”.

„Ён нарадзіўся ў Беларусі, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Мікалаеў. Ён быў фізічна развіты, заўсёды займаў першыя месцы па плаванні. Ён заўсёды рваўся ў бой і заўсёды выходзіў сухім з жорсткіх агнявых кантактаў і паядынкаў”, — распавядае пра пабраціма Руслан „Давід”. Ён згадвае, што пятага траўня на завод зайшла вялікая група расейскіх спецназаўцаў.

„Яны ўзялі ў палон некалькі байцоў. Мальдэр адкрыў агонь, перастрэльваўся з нападнікамі, але варожая куля трапіла яму ў сонную артэрыю”, — апісвае той бой „Давід”. Гэта найменьш ужо 20-ы беларус, які аддаў жыццё за незалежнасць Украіны і Беларусі на ўкраінскай зямлі з пачатку 2022 года.