„Хімік” узяў верх над „Брэстам” і прабіўся ў плэй-оф



„Хімік” абыграў у вырашальным матчы плэй-ін Betera-Экстралігі „Брэст” з лікам 1:0. Лік у серыі стаў 2-1 на карысць „Хіміка”, які заваяваў пропуск у плэй-оф, дзе стартуе супрацьстаяннем з „Нёманам”. Тым часам стаў вядомы каляндар матчаў чвэрцьфінальнай стадыі Betera-Экстралігі. Пра гэта паведамляе сайт ФХБ. Серыі пройдуць да чатырох перамог адной з каманд, максімальная колькасць матчаў у кожным супрацьстаянні – сем. Першыя матчы пройдуць у пятніцу паміж салігорскім «Шахцёрам» і «Дынама-Маладзечна», а таксама паміж «Гомелем» і «Металургам».

Протас зноў не патрапіў у склад „Вашынгтона” на гульню

Беларускі нападнік Аляксей Протас пакінуў размяшчэнне „Хёршы”, які выступае ў АХЛ, і зноў атрымаў павышэнне. Беларускі форвард вярнуўся ў склад „Вашынгтона” ў НХЛ. У яго быў шанец згуляць за „Кэпіталз” найбліжэйшай раніцай (6.30), калі яго каманда сустракаецца ў гасцях з „Лос-Анджэлесам”. Аднак беларус зноў не трапіў у склад „Вашынгтона” на гульню.

БФФ зацвердзіла ратацыю паміж лігамі

Беларуская федэрацыя футбола зацвердзіла прынцыпы ратацыі паміж лігамі ў сезоне-2023. Наўпрост з вышэйшай лігі вылеціць толькі апошняя каманда. Калектыў, які зойме 14-е месца, правядзе стыкавыя матчы з трэцяй камандай першай лігі. Два лепшыя клубы Д2 напрамую выйдуць у вышэйшую лігу. Каманды, якія зоймуць першае і другое месцы ў першай лізе, атрымаюць права на ўдзел у вышэйшай лізе-2024.
Каманда, якая фінішуе на 17-м месцы ў першай лізе, выбывае ў другую лігу. Адпаведна, з другой лігі ў першую падымуцца тры лепшыя каманды.

Неймар выбыў да канца сезона з-за траўмы правага галенастопа

Нападнік „ПСЖ” Неймар выбыў да канца сезона з-за траўмы правага галенастопа. Клуб паведаміў, што медыцынскі штаб, пракансультаваўшыся з экспертамі, рэкамендаваў бразільцу перанесці аперацыю па аднаўленні звязкаў, каб пазбегнуць рэцыдываў у далейшым. Аператыўнае ўмяшальніцтва пройдзе ў горадзе Доха ў найбліжэйшыя дні. Вяртанне Неймара ў склад чакаецца праз тры ці чатыры месяцы.

Беларускія каратысты заваявалі шэсць медалёў на міжнародным турніры ў ААЭ

У горадзе Шарджа завяршыўся адкрыты чэмпіянат ААЭ па каратэ Emirates Sports Karate Open з удзелам беларускіх атлетаў. Усяго на міжнародных спаборніцтвах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах выступілі амаль 600 спартоўцаў з 19 краін. Беларускую каманду прадставілі восем каратыстаў, шасцёра з якіх сталі прызёрамі чэмпіянату.
Залатыя ўзнагароды турніру заваявалі Алег Мялехін (кумітэ, вагавая катэгорыя да 60 кг) і Дэвід Нгуен (кумітэ, да 75 кг), таксама ў актыве зборнай чатыры бронзавыя медалі.

Міжнародная федэрацыя гімнастыкі адхіліла галоўнага трэнера зборнай Расіі Ірыну Вінэр на 2 гады

Міжнародная федэрацыя гімнастыкі адхіліла кіраўніка Усерасійскай федэрацыі мастацкай гімнастыкі і галоўнага трэнера зборнай Расіі Ірыну Вінэр на два гады. Адхіленне Вінэр ад працы на міжнародных спаборніцтвах звязана з яе публічнымі заявамі пасля Алімпіяды ў Токіа, дзе расіянка Дзіна Аверына стала другой. Выказванні Вінер прызнаныя абразлівымі і парушаючымі правілы федэрацыі.

Беларускае Радыё Рацыя