Агляд прэсы: вайна ўнутры вайны
У Беларусі нарстае ціск на апазіцыю. ПВК Вагнер: бітва за ўладу з Крамлём?Баруканнне Эрдагана і апазіцыі перад выбарамі ў Турцыі. У Эстоніі на выбарах перамагла партыя прэм’ер-міністра Каі Калас. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі прысуджаны ў Менску да дзесяцігадовага турэмнага зняволення. Беларускага апазіцыянера прызналі вінаватым у «кантрабандзе, а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх». Лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў выгнанні, завочна прыгаворана да пятнаццацігадовага тэрміну: яна прызнана вінаватай ва ўдзеле ў змове з мэтай захопу ўлады. Еўрапейская прэса б’е трывогу. «Падаўленне апазіцыі ў Беларусі павінна заклапаціць усю Еўропу», – заклікае дацкае выданне Politiken.
«Лукашэнка баіцца таго, што платай за абарону з боку Пуціна стане паглынанне Беларусі Расеяй, у выніку якога Беларусь перастане быць самастойнай дзяржавай. Таму ён спрабуе знайсці процівагу за кошт збліжэння з аўтарытарным кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам, які такім чынам атрымлівае магчымасць узмацніць свой уплыў у Еўропе. Падаўленне беларускай апазіцыі рэжымам Лукашэнкі – гэта і наша праблема: бо Лукашэнка можа адкрыць і іншым аўтакратам доступ да самога сэрца Еўропы», – папярэджвае дацкае выданне.
У той час як паміж украінскімі і расейскімі войскамі ідуць разлютаваныя баі за Бахмут, начальнік расейскай ПВК Вагнера Яўген Прыгожын пагражае адводам сваіх наймітаў з лініі фронту. У якасці падставы ён указвае на тое, што яго часткам пастаўляецца недастатковая колькасць боепрыпасаў. Ці разгараецца паміж рознымі ваеннымі сіламі ў Расеі рэальная барацьба за ўладу? «Захапіць Бахмут спрабуюць адразу дзве арміі з боку РФ», – піша італьянская газета La Stampa.
«Яўген Прыгожын, заснавальнік ПВК Вагнера, гучна прэтэндуе на тое, што ён – адзіны, хто можа ўзяць для Крамля «крэпасць Бахмут». Пры гэтым ён адкрыта абвінавачвае міністэрства абароны ў тым, што яно ўстаўляе яму палкі ў колы. Уладзімір Пуцін жадае займець горад Бахмут, які расейская артылерыя практычна сцерла з твару зямлі, у якасці першага трафея, які ён мог бы прад’явіць расейцам, бо больш за за сем месяцаў яму не атрымалася колькі-небудзь значна рушыць наперад на карце баявых дзеянняў. І вось Бахмут становіцца «прызам», за які б’юцца адразу два пуцінскія войскі: афіцыйнае, якое падпарадкоўваецца міністэрству абароны, і прыватнае, гэта значыць ПВК Вагнера, узначаленае Яўгенам Прыгожыным», – канстатуе італьянскае выданне.
Турэцкі апазіцыйны альянс у складзе шасці партый вылучыў старшыню Рэспубліканскай народнай партыі Кемаля Кылычдараглу ў якасці агульнага кандыдата ад апазіцыі на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах. У выходныя апазіцыйны альянс ледзь не распаўся, з прычыны рознагалоссяў менавіта па гэтым пытанні. Каментатары не хаваюць сваёй радасці. Па меркаванні грэчаскага партала In.gr, памнажаюцца прыкметы таго, што выбарнікі пакінуць Эрдагана ў меншасці.
«Перспектывы, якія вымалёўваюцца перад турэцкім прэзідэнтам, з кожным днём усё змрочней. Калі апытанні грамадскай думкі хоць нешта значаць, то яны ўжо адкрыта намякаюць на тое, што яму, які засядзеўся ў сваім прэзідэнцкім палацы ў Анкары, самы час збіраць валізкі. Дарэчы, апытанні – не адзіны індыкатар: у гарадах Турцыі, падчас футбольных матчаў балельшчыкі зараз захоплены крычалкамі не на карысць сваёй каманды або супраць каманды суперніка, але супраць кіраўніцтва краіны. Эрдаган знаходзіцца ў такім становішчы, горш якога і ўявіць нельга для кандыдата напярэдадні надыходзячых выбараў», – адзначае грэчаскае выданне.
Пераможцам парламенцкіх выбараў у Эстоніі стала ліберальная Партыя рэформаў, якую ўзначальвае прэм’ер-міністр Кая Калас. Партыя атрымала 37 са 101 дэпутацкага месца. На другім месцы – правапапулісцкая Кансерватыўная народная партыя Эстоніі, якая атрымала 17 мандатаў. Папярэднія партнёры Калас па кааліцыі, сацыял-дэмакраты і кансерватыўная партыя Айчына, пазбавіліся немалой колькасці дэпутацкіх месцаў. Еўрапейская прэса каментуе зыход выбараў і асабліва адзначае тое, што выбаршчыкі аддалі належнае дакладнай пазіцыі Калас у дачыненні да Расеі. Эстонская газета Eesti Päevaleht з задавальненнем адзначае, што ўслед за чэхамі, якія нядаўна абралі новага прэзідэнта, зараз і эстонцы даказалі тое, што рана яшчэ казаць пра ўздым папулістаў у Еўропе.
«На выбарчыя ўчасткі прыйшла рэкордная колькасць грамадзян, і ўсе яны перакулілі вядомы наратыў, што, маўляў, самазваныя нацыянал-кансерватары могуць прэтэндаваць на месца на вярхушцы ўлады. Найважнейшы фактар зараз – гэта вайна, распачатая крамлёўскім уладаром Уладзімірам Пуціным супраць Украіны. Цэнтрысцкая партыя недаацаніла салідарнасць грамадства з Украінай. У той жа самы час кіраўнік урада Кая Калас паказала сябе лідэрам, які адстойвае інтарэсы краіны, і ў першую чаргу на міжнароднай арэне», – канстатуе эстонскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array