Хакеісты „Шахцёра” і „Гомеля” з перамог стартавалі ў плэй-оф
Двума матчамі ў Салігорску і Гомелі стартавала стадыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Лепшая каманда рэгулярнага чэмпіянату „Шахцёр” пачынае паход з серыі супраць „Дынама-Маладзечна”. Стартавы перыяд дэбютнай гульні плэй-оф скончыўся ўнічыю 1:1, а далей „гарнякі” сталі паступова аддаляцца ад суперніка. Тры шайбы ў другім адрэзку і яшчэ дзве ў трэцім – у выніку ўпэўненыя 6:2 на карысць салігарчан. Тры ачкі па сістэме „гол+пас” за „Шахцёр” набраў форвард Магамед Гімбатаў. У пятніцу таксама стартавала „палескае дэрбі” „Гомеля” і „Металурга”. Жлабінчане адкрылі лік у пачатку другога перыяду, але гэтая шайба так і засталася для дзеючых чэмпіёнаў адзінай у матчы. „Рысі” зраўнялі лічбы на табло за секунду да адыходу на перапынак, а ў заключнай 20-хвілінцы Андрэй Феклістаў і Ігар Равенка прынеслі „Гомелю” перамогу – 3:1. Другія матчы ў абедзвюх парах адбудуцца заўтра, серыі працягнуцца да чатырох перамог адной з каманд. Сёння ў плэй-оф стартуюць яшчэ дзве чвэрцьфінальныя серыі. У 14.30 у Гародні пачнецца сустрэча „Нёмана” і наваполацкага „Хіміка”, а ў 17.00 на лёд у Менску выйдуць хакеісты „Юнацтва” і „Віцебска”.

Баскетбалісткі „Гарызонта” захавалі лідэрства ў жаночым чэмпіянаце Беларусі
У хатнім паядынку з берасцейскім клубам ЦАР „Вікторыя” дзейныя чэмпіёнкі краіны выйгралі з лікам 81:37. Пасля гэтай перамогі ў актыве падначаленых Наталлі Трафімавай 44 ачкі. Адны з галоўных канкурэнтак „Гарызонта” баскетбалісткі БК „Мінск” перайгралі сваю маладзёжную каманду 98:48.
Валейбалісты „Будаўніка” чарговы раз прайгралі ў Суперлізе
Сталічны „Будаўнік” пацярпеў гасцявую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце расійскай валейбольнай Суперлігі. У паядынку 27-га тура беларуская каманда на выездзе сустракалася з арэнбургскім „Нафтавіком”. На старце матча гульцы „Будаўніка” выглядалі больш пераканаўча і ў выніку пакінулі першы сэт за сабой – 25:23. Далей, аднак, кантроль над гульнёй забралі гаспадары: другую партыю арэнбуржцы выйгралі з лікам 25:18, трэці адрэзак скончыўся з яшчэ буйнейшай перавагай „Нафтавіка” 25:11. У чацвёртым сэце беларусы былі блізкія да поспеху, але ў канцоўцы гаспадары „Будаўнік” даціснулі – 25:22 і 3:1 па суме. Гэтая параза стала для менскага клуба 14-й запар. За тры гульні да заканчэння рэгулярнага сезона беларускія валейбалісты з 7 баламі займаюць апошняе, 16-е месца ў турнірнай табліцы.
Сабаленка стартавала з перамогі на турніры ў Індыян-Уэлсе
Другая ракетка планеты Арына Сабаленка упэўнена прайшла ў трэці круг жаночага адзіночнага разраду на турніры ў Інідыян-Уэлсе (ЗША). Першы раунд спаборніцтваў яна прапускала, дзякуючы высокаму нумару пасеву, а ў другім сустракалася з прадстаўніцай Расіі Яўгеніяй Родзінай.
Для перамогі Сабаленку хапіла толькі двух сэтаў, у якіх яна аддала суперніцы два гейма — 6:2, 6:0. 44-я ракетка планеты Аляксандра Сасновіч не змагла прабіцца ў 1/16 фіналу. У матчы другога круга яна саступіла 25-й у сусветным рэйтынгу латвійцы Алене Астапенцы — 5:7, 6:3, 2:6. Ілля Івашка прабіўся ў 1/16 фіналу. У матчы другога круга супернік беларуса нідэрландзец Боцік ван дэ Зандсхюл адмовіўся ад працягу барацьбы ў другім сэце пры ліку 5:7, 2:3.
Клубны рэйтынг УЕФА: „Баварыя” лідыруе. Беларускія каманды па-за топ-100
УЕФА абнавіла клубны рэйтынг пасля еўракубкавых матчаў на гэтым тыдні. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце арганізацыі.
Па-ранейшаму ўзначальвае спіс лепшых клубаў Еўропы мюнхенская „Баварыя”. На другім месцы ідзе „Манчэстэр Сіці”, а замыкае тройку лідэраў „Ліверпуль”. У дзесятцы лепшых таксама „Чэлсі”, „Рэал”, ПСЖ, „Манчэстэр Юнайтэд”, „Барселона”, „Ювентус” і „Аякс”.
Што да беларускіх клубаў, то яны знаходзяцца за межамі сотні. Лепшы з іх, барысаўскі БАТЭ, ідзе на 101-й пазіцыі. Салігорскі „Шахцёр” займае 167-ы радок рэйтынгу. Дынама(Брэст) — 215-е, іх менскія аднаклубнікі на 241 месцы. „Гомель” — 393-і, жодзінскае „Тарпеда” — 394-е, а „Віцебск” — 396-ы.
Беларускае Радыё Рацыя