Нейтральны “Оскар”
У ноч з 12 на 13 сакавіка ў Лос-Анджэлесе адбудзецца 95-я цырымонія ўзнагароджання кінапрэмій „Оскар-2023”. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі другі раз атрымаў адмову ад Амерыканскай кінаакадэміі ў магчымасці выступіць з прамовай.
Афіцыйная прычына адмовы невядомая, хаця ў мінулым годзе журналісты са спасылкай на свае крыніцы сцвярджалі аб занепакоенасці прадзюсара „Оскара” Уіла Пэкера тым, што Галівуд надае ўвагу Украіне толькі з-за пацярпелых у ваенным канфлікце белых, але ігнаруе войны ва ўсім свеце, калі пытанне тычыцца людзей з іншым колерам скуры.
Перавагі Акадэміі – засяродзіцца на ўкладзе кінематаграфічнай супольнасці і абстрагавацца ад палітыкі. Тым больш, што ў выпадку запрашэння Зяленскага на цырымонію можа пацярпець аўтарытэт самога мерапрыемства, а для ЗША гэта важна, бо яно чыста амерыканскае, плюс рызыка страты часткі публікі і фундатараў. Навіну аб адмове з радасцю садыста падхапілі ў Расіі, прычым не толькі канапавыя эксперты, але і афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, больш вядомая ў народзе, як „каралева іспанскага сораму” і „Манька-алкагалічка”.
Яна лічыць, што ўкраінскаму лідару выступаць на цырымоніі – не месца, а даўно час атрымліваць прэмію «за выкананне галоўнай ролі ў амерыканскім серыяле жахаў». Нібыта маркотная фізіяномія Зяленскага на Захадзе ўжо ўсім даўно надакучыла: медыяфункцыянеры і простыя грамадзяне стаміліся ад бясконцых просьбаў аб дапамозе і жаласлівых прамоў. Украінскі прэзідэнт з паспяховага ў мінулым актора ператварыўся ў пасрэднага нэндзу.
Пры гэтым на Берлінскім, Канскім і Венецыянскім кінафестывалях, а таксама на ўручэнні прэміі „Залаты Глобус” так не лічылі, а далі яму магчымасць выступіць са зваротам, бо культура і мастацтва не могуць заставацца ў баку, калі Расія знішчае народ і культуру суседняй Украіны.
І як бы не вішчалі ад задавальнення садысты, што ЗША і «Оскар» – гэта вам не Еўропа з яе Канамі і „Берлінале”, свет, у тым ліку і ЗША, гатовы падтрымліваць Украіну да перамогі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Array
