Агляд прэсы: закладнікі ўласных саюзнікаў
Антырасейскія партызаны ў Беларусі змагаюцца з «двухгаловым ворагам». Фільм пра Навальнага атрымаў Оскар. Пратэсты ў Ізраілі: на коне – лёс краіны. Што ўдалося змяніць папу Францішку за 10 гадоў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пасля таго, як Расея ўварвалася ва Украіну, партызаны з Беларусі пачалі здзяйсняць дыверсіі на чыгунцы сваёй краіны, у тым ліку падрываць пуцявое абсталяванне, каб паралізаваць рэйкі, якія расейскія войскі выкарыстоўвалі для дастаўкі войскаў і зброі ва Украіну. У апошняй дыверсіі, якая трапіла ў міжнародныя загалоўкі, яны атакавалі расейскі вайсковы самалёт непадалёк ад беларускай сталіцы», – паведамляе амерыканская газета The Bulletin Review.
«Больш чым праз год пасля таго, як Расея выкарыстала тэрыторыю свайго суседа і саюзніка для ўварвання ва Украіну, Беларусь працягвае размяшчаць расейскія войскі, а таксама ваенныя самалёты, ракеты і іншую зброю. Беларуская апазіцыя асуджае супрацоўніцтва, а таму ўзнік партызанскі рух, каб перашкодзіць дзеянням Крамля як на месцы, так і ў інтэрнэце. Тым часам аўтарытарная ўлада Беларусі спрабуе расправіцца з дывэрсантамі пагрозамі смяротнага пакарання і працяглых турэмных тэрмінаў. Беларускія партызаны ажыццявілі ўжо 17 буйных дыверсій на чыгунцы. Яшчэ адна група партызан дзейнічае ў віртуальнай прасторы. Каля 70 беларускіх IT-спецыялістаў узломваюць расейскія дзяржаўныя базы дадзеных і атакуюць сайты расейскіх і беларускіх дзяржаўных устаноў», – піша амерыканскае выданне.
На 95-й цырымоніі ўручэння прэміі Оскар галоўны прыз у катэгорыі дакументальнага кіно дастаўся фільму «Навальны». З расейскім апазіцыянерам рэжысёр Дэніэл Роэр пазнаёміўся ў 2020 годзе, калі Навальны ачуньваў пасля наступстваў атручвання сродкам групы Навічок. З 2021 года Аляксей Навальны знаходзіцца ў турме. Паводле інфармацыі, якая паступае, ён не атрымлівае належнай медычнай дапамогі. Меркаванні наконт узнагароджання фільма падзяліліся: адны аглядальнікі падтрымліваюць яго, іншыя лічаць, што гэта не стала дакладным сігналам. «Даючы ўзнагароду фільму аб Навальным, Галівуд проста аддаецца марам аб тым, чаго не існуе ў прыродзе», – такі каментар польскага штотыднёвіка Wprost.
«Фабрыка мрояў узнагароджвае фільм, які замацоўвае міжнародны статус Навальнага ў якасці сімвала лепшай Расеі – Расеі, адрознай ад пуцінскай. Як мы бачым, насамрэч такой Расеі, магчыма, і няма. Гэта прыкметна па рэакцыі расейскіх эмігрантаў, якія жывуць у Еўропе, напрыклад па іх стаўленні да нядаўняга дэмакратычнага паўстання грамадзян Грузіі, у якой дружалюбны Маскве рэжым паспрабаваў увесці законы, пашытыя па пуцінскіх лекалах», – канстатуе польскае выданне.
У Ізраілі не сціхаюць масавыя пратэсты супраць запланаванай урадам рэформы юстыцыі. План прадугледжвае, што надалей парламент зможа простай большасцю галасоў адмяняць рашэнні Вярхоўнага суда. Згодна з паведамленнямі СМІ, ультраправы ўрад мае намер у паскораным парадку правесці некаторыя палажэнні рэформы ўжо ў сакавіку. Прэм’ер-міністр Нетаньяху заявіў, што нейкія сілы наўмысна распаўсюджваюць такія ілжывыя паведамленні. Як адзначае прэса, краіна стаіць на раздарожжы. Венгерская газета Népszava адзначае, што ў пратэстоўцаў ёсць адмоўны наглядны прыклад, за якім далёка хадзіць не трэба.
«У тым, што пратэсты ў Ізраілі ператварыліся ў «агульнанацыянальнае супраціўленне», адыграла сваю ролю і сітуацыя ў Венгрыі. Роля гэтая значная і непрывабная. Падчас дэманстрацый нярэдка можна ўбачыць партрэт нашага прэм’ер-міністра Віктара Орбана разам з яго сябрамі – Пуціным, Эрдаганам і Нетаньяху. Пратэстоўцы ў Ізраілі разумеюць, што цяперашняя Вугоршчына, якая служыць зараз прыкладам таго, «як не трэба рабіць», станавілася такой паступова – крок за крокам. Сярод прычын таго, чаму гэта стала магчымым, – пасіўнасць венгерскага грамадства. Пратэстоўцы ў Ізраілі жадаюць пазбегнуць такога сцэнара для сваёй краіны», – падкрэслівае венгерскае выданне.
Вось ужо дзесяць гадоў на чале Рымска-каталіцкай царквы, якая налічвае каля 1,4 мільярда прыхаджан па ўсім свеце, стаіць аргентынец Хорхе Марыё Бергольё – папа Францішак. З самага пачатку ён заявіў аб сабе як аб пантыфіке, чыя місія – гэта падтрымка пакрыўджаных і адрынутых гэтага свету. Еўрапейская прэса падводзіць вынікі першых дзесяці гадоў знаходжання Францыска на папскім прастоле. Літоўскае выданне LRT аналізуе крытыкуемую многімі пазіцыю папы па вайне ва Украіне.
«Вядома, пантыфік спачуваў украінцам і дапамагаў пацярпелым, але было бачна, што ў яго іншае разуменне прычын і шляхоў вырашэння сітуацыі. Нехта з настальгіяй успомніў пра Яна Паўла II: маўляў, папа родам з некалі камуністычнай Польшчы абавязкова быў бы на нашым баку. Але ў нас зараз папа родам з Аргентыны, і на вайну ва Ўкраіне ён глядзіць з пункта гледжання глабальнага Поўдня: бачачы ў ёй глабальны канфлікт паміж імперскімі інтарэсамі, паміж Расеяй і Захадам. У выніку гэтага канфлікту ў Афрыцы абвастраецца харчовы крызіс. Вось чаму Францішак кажа пра тое, што спыненне вытворчасці зброі вырашыла б праблему голаду ў сусветным маштабе», – падсумоўвае літоўскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя