Валерыю Задалю споўнілася б 70
15 сакавіка гарадзенскаму журналісту, грамадскаму дзеячу і публіцысту Валерыю Задалю (1953-2007) споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Валерый Задаля 15 сакавіка 1953 года ў Клецку. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў карэспандэнтам клецкай раённай газеты, рэдактарам наваградскай газеты „Новае жыццё”, намеснікам старшыні Тэлерадыёкампаніі Гродна. На гарадзенскім радыё і тэлебачанні спрыяў беларускамоўным журналістам, ствараў беларускамоўныя праграмы, некаторыя вёў сам.
Пасля змушанага звальнення з Тэлерадыёкампаніі, напрыканцы 1990-ых гадоў, працаваў у грамадскім аб’яднанні „Ратуша”, потым (пасля закрыцця аб’яднання) у гарадзенскім аддзяленні Таварыства беларускай школы. Апошнія гады жыцця займаўся актыўнай і плённай грамадскай дзейнасцю: стварыў „Літаратурную гасцёўню”, выдаваў і рэдагаваў шэраг лакальных спецыялізаваных газет. Пад псеўданімам Антон Лабовіч выдаў некалькі брашураў: „Самвыдат” Гродзеншчыны” (2006), „Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне „Ратуша” (2006), „Мудры настаўнік Алесь Белакоз” (2006) і іншыя.
Памёр ад цяжкай хваробы на 55 годзе жыцця ў 2007 годзе. Пахаваны на могілках каля станцыі Аульс пад Гародняй.
Беларускае Радыё Рацыя