Іван Касцяхін распавёў як аднаўляў страчаную партытуру оперы «Маргер»
Былы дырыжор беларускага Нацыянальнага тэатру оперы і балета, Іван Касцяхін, які быў звольнены па палітычных прычынах, прадставіў адноўленую версію страчанай оперы Горскага «Маргер».
Гэта опера была напісана кампазітарам Канстанцінам Горскім, які нарадзіўся пад Лідай, і жыў на тэрыторыі сучасных Украіны, Расеі, Польшчы, Літвы. Яго опера, якая напісана паводле паэмы «Маргер» Уладзіслава Сыракомлі, распавядае пра гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў ХІV ст. на Замкавай гары над Нёмнам, дзе знаходзіўся замак літоўскага князя Маргера. Першы і апошні паказ оперы адбыўся ў 1927 годзе, а ў часе Другой Сусветнай вайны партытура оперы цалкам згарэла.

Праца над аднаўленнем пачалася некалькі год таму, калі ў рукі экс-дырыжора Івана Касцяхіна трапіў клавір (ноты для фартэпіяна) – гэта адзінае, што засталося ад оперы, рэшта згарэла падчас Другой Сусветнай вайны.
– Некалькі год таму, яшчэ ў Менску трапіў на вочы клавір гэтай оперы. І гэта было адзінае, што засталося, таму што яе партытура загінула, згарэла на пачатку другой сусветнай вайны. На пачатку работа падалася мне занадта агромністай. Я зрабіў некалькі фрагментаў, але быў заняты асноўнай працай у тэатры, праца над партытурай ішла вельмі марудна. Паступова набываўся вопыт аркестровак, вопыт карыстання нотнымі рэдактарамі. Пасля звальнення, калі паўстала пытанне, што рабіць, як захоўвацца ў прафесіі і для прафесіі адным з варыянтаў для мяне было зрабіць гэтую рэдакцыю.
Справа аднаўлення «Маргер» – унікальная – кажа Ігар. У гісторыі музыкі былі выпадкі, калі вучні і паслядоўнікі кампазітараў працягвалі іх справу, але яны ўсе былі альбо сучаснікамі майстроў, альбо былі непасрэдна з імі знаёмыя. Сам Іван аднаўляў партытуру проста такт па такце, кіруючыся перад усім прафесійнай смекалкай, музычнай інтуіцыяй і ведамі аб музычным стылю аўтара:
– Зрабіў то Рымскі-Корсакаў з партытурай «Князя Ігара», таксама Мадэста Мусаргскага ў «Барысе Гадунове» і «Хаваншчыны». Былі і яшчэ прыклады: студэнт Джакома Пучыні дапісаў партытуру оперы «Турандот», якую аўтар не паспеў дапісаць пры жыцці. Былі і іншыя прыклады. Але ўсё гэта выпадкі, калі вучні былі непасрэдна знаёмыя або былі сучаснікамі тых твораў, якія яны аднаўлялі.
Па словах Івана Касцяхіна, вырашаючым фактарам стала вымушаная эміграцыя ў Польшчу, пасля звальнення. Праца над аднаўленнем оперы шмат у чым стала тым, што дазволіла яму ўтрымацца ў прафесіі і для прафесіі.

Слухайце размову цалкам:
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя