Агляд прэсы: сваё ў галаве
Беларусь: дзяржава-турма ў Еўропе. Кітай як пасярэднік паміж Расеяй і Украінай. Альянс AUKUS: пагроза вайсковага канфлікту ў Ціхім акіяне. Першыя вынікі краха Банка SVB. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Беларусі турмы перапоўненыя зняволенымі: цяпер, паводле ацэнак, у Беларусі 1445 палітычных зняволеных, многія з якіх адбываюць працяглыя тэрміны пасля неаб’ектыўных судоў», – паведамляе міжнароднае выданне IPS-Inter Press Service.
«Рэпрэсіям Лукашэнкі спрыяе саюз з яшчэ большым ізгоем: Уладзімірам Пуціным. Калі Еўразвяз і дэмакратычныя дзяржавы ўвялі санкцыі ў адказ на рэпрэсіі Лукашэнкі, Пуцін выдзеліў крэдыт, які меў вырашальнае значэнне, каб дапамагчы яму перажыць шторм. Гэта азнаменавала перапынак у працяглай стратэгіі Лукашэнкі, калі ён старанна балянсаваў паміж Расеяй і Захадам. Эфект заключаўся ў звязванні двух лідараў-ізгояў разам. Гэта працягвалася і падчас вайны Расеі супраць Украіны. Калі пачалося ўварванне, некаторыя з расейскіх войскаў, якія ўвайшлі ва Украіну, зрабілі гэта з Беларусі, дзе яны праводзілі так званыя ваенныя вучэнні днямі раней. Літаральна праз некалькі дзён пасля пачатку ўварвання Расеі Лукашэнка праштурхнуў змены ў канстытуцыю, санкцыянаваныя праз рэферэндум. Сярод зменаў: знятая забарона на размяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі. Апошнім рэпрэсіўным крокам Лукашэнкі стала пашырэнне смяротнага пакарання. Цяпер дзяржаўныя чыноўнікі і вайскоўцы могуць быць пакараныя смерцю за дзяржаўную здраду. Гэта дае Лукашэнку новы жудасны інструмент для пакарання і стрымлівання дэзертырства. У выніку, беларускія актывісты – у эміграцыі ці ў турме – сутыкаюцца з праблемай таго, каб справа беларускай дэмакратыі не згубілася ў тумане вайны. Ім патрэбна пастаянная салідарнасць і падтрымка, каб прымусіць свет зразумець, што іх барацьба супраць прыгнёту з’яўляецца часткай той жа кампаніі за свабоду, якую вядуць украінцы, і што любы шлях да міру ў рэгіёне павінен таксама азначаць дэмакратыю ў Беларусі», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
***
Як паведамляюць СМІ са спасылкай на ананімныя крыніцы, старшыня КНР Сі Цзіньпін мае намер на наступным тыдні наведаць з афіцыйным візітам Маскву, а потым правесці перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Ні Кітай, ні Расея пакуль што не пацвердзілі, але і не абверглі гэтыя чуткі. Аглядальнікі еўрапейскай прэсы разважаюць пра перспектывы кітайскага пасярэдніцтва на фоне сітуацыі ў свеце. Славенскі партал Dnevnik адзначае нядрэнны патэнцыял.
«Нядаўняя нармалізацыя адносін паміж Іранам і Саудаўскай Аравіяй пад эгідай Кітая дэманструе тое, што пасярэдніцтва Пекіна цалкам можа быць паспяховым. План мірнага ўрэгулявання ва Украіне, прапанаваны Кітаем, утрымлівае ў сабе мноства прарасейскіх элементаў, аднак гэта і сапраўды першая спроба фармулявання мірнага пагаднення ў адпаведнасці з прапановамі Зяленскага. Паглядзім, якія магчымасці будуць у Сі Цзіньпіна для таго, каб дабіцца зруху на такім заблытаным полі бою, на якім усходнія і заходнія краіны няхай і аб’яднаны жаданнем міру, але пры гэтым радыкальна разыходзяцца ў тым, што датычыцца дэталяў і падрабязнасцяў», – канстатуе славенскае выданне.
***
ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія, якія ўваходзяць у альянс AUKUS, у панядзелак на сустрэчы ў Сан-Дыега прынялі рашэнне, што ВМС Аўстраліі павінны быць абсталяваны атамнымі падводнымі лодкамі. Альянс быў створаны ў 2021 годзе для ўмацавання бяспекі ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Кітай адрэагаваў на цяперашняе рашэнне абурэннем і заявіў аб парушэнні Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Каталонская газета El Periódico de Catalunya ўказвае на магчымыя рызыкі.
«Так званая «англасфера» мае намер працягнуць сваю спецыфічную і адарваную ад Еўропы палітыку ў дачыненні да Кітая. Абурэнне кітайскага ўрада было прадказальным: ён абвінавачвае новы пакт у далейшай мілітарызацыі Ціхаакіянскага рэгіёна, а таксама ў парушэнні Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і павышэнні рызыкі эскалацыі. Таксама ствараецца ўражанне, што пад сур’ёзнай пагрозай знаходзіцца і сама глабалізацыя. Не толькі таму, што гандаль патрабуе атмасферы даверу, але і таму, што зараджаецца неапратэкцыянізм, які паказвае на тое, што на гарызонце маячыць новая, падвойная глабалізацыя: першая – заходняя, а другая – на восі «Кітай-Расея», якая валодае велізарным патэнцыялам пашырэння ў кірунку глабальнага Поўдня», – адзначае каталонскае выданне.
***
Пасля банкруцтва амерыканскага банка Silicon Valley Bank, які спецыялізуецца на крэдытаванні стартапаў у тэхналагічным сектары, спад, і часам вельмі прыкметны, пачалі дэманстраваць і акцыі буйных еўрапейскіх банкаў. Еўрапейская прэса параўноўвае цяперашнюю сітуацыю са станам спраў пятнаццацігадовай даўніны, калі пачынаючы з 2008 года ў свеце разгарэўся спачатку фінансавы, а потым і эканамічны крызіс. «З цяперашняга шоку можна атрымаць тры ўрокі», – піша італьянская газета Corriere della Sera.
«Па-першае, падобнага кшталту крызіс наўрад ці мог бы адбыцца ў Еўразвязе: у апошнія гады банкі тут падвяргаюцца больш дбайнаму рэгуляванню. Па-другое, мы павінны адрозніваць крызісы ліквіднасці і неплацежаздольнасць як такую. У банка SVB быў крызіс ліквіднасці, а крызісы ліквіднасці лёгка стрымліваюцца за кошт умяшальніцтва цэнтральнага банка. Па-трэцяе, валацільнасць з’яўляецца характарыстыкай фінансавых рынкаў. За рынкамі неабходна сачыць, але спроба ўхіліць іх валацільнасць была б памылкай, паколькі гэта азначала б, што мэтай ставіцца ўхіленне любой рызыкі, але ж рызыкі з’яўляюцца важным аспектам інавацый!», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.