Беларусы Варшавы звярнуліся да Анджэя Дуды з адмысловым зваротам
15 сакавіка ў канцылярыю прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды паступіў зварот ад беларусаў Варшавы. Зварот быў прыняты 5 сакавіка на акцыі салідарнасці з палітзняволенымі кіраўнікамі партый Паўлам Севярынцам і Мікалаем Статкевічам.

Мэта звароту – пачаць вызваляць беларускіх палітвязняў спачатку па спісе, складзеным адзінадушна на акцыі, кажа сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам» Алена Талстая:
– Мы лічым, што рэжым Лукашэнкі пад ціскам увядзення дадатковых санкцый мусіць пачаць ініцыяваць працэс сканчэння палітыкі тэрору і рэпрэсіяў у дачыненні да беларускага народу.
Алег Паўлаў, чалец партыі «Народная Грамада»: Я ўпэўнены, калі мы будзем рабіць такія звароты і біць у адну кропку, будзем патрабаваць, каб увялі жорсткія санкцыі супраць рэжыму, то ён будзе вымушаны вызваляць спачатку асобных людзей.
Алена Талстая і Алег Паўлаў просяць беларусаў свету падтрымаць ініцыятыву беларусаў Варшавы.





Беларускае Радыё Рацыя