Агляд прэсы: справы жыццёвыя
Падтрымка Беларусі вайны Расеі засталася неўзнагароджанай? Ці чакаць на эскалацыю пасля падзення амерыканскага дрона ў Чорнае мора? Выбары ў Нідэрландах: «жоўтая картка» ураду. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У той час як рост гандлю паміж Менскам і Масквой змякчыў цяперашнія эканамічныя цяжкасці першай, Беларусь у доўгатэрміновай перспектыве становіцца ўсё больш залежнай ад свайго ўсходняга суседа і саступае свой эканамічны суверэнітэт», – піша амерыканскае выданне The Carnegie Endowment.
«Калі Беларусь выступіла ў падтрымку вайны Расеі супраць Украіны, некаторыя чакалі, што Масква шчодра ўзнагародзіць яе за падтрымку і кампенсуе любыя страты ад санкцый. Іншыя чакалі, што цяпер, калі Менск апынуўся безальтэрнатыўным, расейскія датацыі скончацца. У вынік ж усё крыху больш складана. Доля Расеі ў тавараабароце Беларусі вырасла з 49 працэнтаў у 2021 годзе да 58 працэнтаў у сярэдзіне 2022 года і восенню перавысіла 60 працэнтаў. Аднак гэта было больш звязана са скарачэннем тавараабароту Беларусі з Захадам і поўным закрыццём украінскага рынку для Менску. Ключавым пытаннем эканамічных перамоваў Менску і Масквы і сумеснага адказу на санкцыі стала імпартазамяшчэнне. Толькі па дванаццаці праектах па імпартазамяшчэнні Расія вылучыла Беларусі крэдыт амаль на 1,7 мільярда долараў, хаця першапачаткова чакалася, што гэта будзе ў форме грантаў. У канчатковым выніку гэта малая доля таго, што Беларусь страціла ў выніку санкцый: 16–18 мільярдаў даляраў. Акрамя таго, Беларусь павінна аплачваць дапамогу паглыбленнем інтэграцыі з Расеяй па шэрагу сфер. Якімі б ні былі доўгатэрміновыя наступствы, Беларусь відавочна разлічвае на Расею, каб вырашыць свае нарастаючыя праблемы. У той час як пашырэнне супрацоўніцтва з Масквой можа дапамагчы Мінску палегчыць яго цяперашнія эканамічныя цяжкасці, яно таксама паглыбіць залежнасць апошняга ад вялікай, але стагнацыйнай эканомікі, рызыкі якой ён таксама будзе несці ўсё больш», – паведамляе амерыканскае выданне.
У аўторак над Чорным морам пацярпеў крушэнне амерыканскі выведвальны беспілотнік. Злучаныя Штаты заявілі, што прычынай стала сутыкненне з расейскім знішчальнікам, выкліканае «небяспечнымі і непрафесійнымі» дзеяннямі расейскіх лётчыкаў. Масква адказала, што беспілотнік упаў сам па сабе, і абвінаваціла ЗША ў зборы дадзеных і перадачы іх Кіеву. Еўрапейская прэса піша пра тое, якую небяспеку ўтойваюць падобныя інцыдэнты. «Такі інцыдэнт наглядна ілюструе, наколькі небяспечнай стала сітуацыя ў свеце ў выніку расейскай агрэсіі ва Украіне», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Расея і НАТА не вядуць войны адна з адной, аднак вярхоўны галоўнакамандуючы Расеі, авантурыст Уладзімір Пуцін, істотна павысіў верагоднасць ваеннага сутыкнення. Па-першае, тым, што сваёй непрадказальнай агрэсіяй змушае ЗША і іх саюзнікаў праяўляць крайнюю пільнасць і абачлівасць. Па-другое, паколькі ён ментальна наладзіў расейскую дзяржаву, грамадства і, вядома ж, войска на тое, што вайна, маўляў, ідзе з усім «калектыўным Захадам». Складовай часткай усяго гэтага з’яўляюцца правакацыі, якія могуць выйсці з-пад кантролю і прывесці да сур’ёзных наступстваў», – папярэджвае нямецкае выданне.
У Нідэрландах завяршыліся рэгіянальныя выбары. Палітычныя партыі, якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю на чале з прэм’ер-міністрам Маркам Рутэ, вырашальным чынам аселі ў параўнанні са сваімі папярэднімі вынікамі, а вось новая партыя Рух фермераў і грамадзян (Boer Burger Beweging – BBB), якая выступае ў падтрымку фермераў, зусім нечакана набрала большасць галасоў. На думку прэсы, вынікі выбараў тлумачацца як нязгодай аграрнага сектара з палітыкай урада ў гэтай сферы, так і агульнай незадаволенасцю насельніцтва. «Людзі перасталі давяраць уладам», – падсумоўвае нідэрландскае выданне NRC.
«У краіне пануе атмасфера незадаволенасці і абурэння наконт становішча спраў, якое склалася, і пераважае адчуванне таго, што ўсё трэба мяняць. Партыя BBB стала рупарам гэтай незадаволенасці. Галоўную ролю ва ўздыме BBB адыграла тое, што партыі ўдалося ўвязаць інтарэсы аграрнага сектара з агульнай незадаволенасцю грамадства наконт палітычнай культуры кіраўніцтва краінай, якая склалася. І гэта незадаволенасць праяўляе сябе ў выглядзе нізкай ступені даверу этаблаваным палітыкам», – канстатуе нідэрландскае выданне.
Пасля доўгіх месяцаў напружаных перамоваў урад Гішпаніі нарэшце ўзгадніў праект пенсійнай рэформы. Мэта яе – змякчыць наступствы выхаду на пенсію шматлікага пакалення «бэбібумераў». Рэформа прадугледжвае павелічэнне дзяржаўных субсідый, а таксама пенсіённых узносаў. Праект рэформы яшчэ трэба ўзгадніць з працадаўцамі і прафсаюзамі. Гішпанская газета El Mundo сітуацыяй расчараваная.
«Рэформа ўскладніць стварэнне працоўных месцаў і паглыбіць праблему недастатковай салідарнасці паміж пакаленнямі. Гэты дакумент расчароўвае. Ураду трэба было зрабіць выбар на карысць камбінацыі са скарачэння расходаў і павышэння падаткаў і збораў. Аднак ён адмовіўся ад свайго першапачатковага намеру павялічыць колькасць гадоў, на аснове якіх разлічваецца пенсія: чым большая колькасць гадоў працоўнага стажу ўлічваецца пры разліку, тым ніжэйшая пенсія, паколькі ў пачатку працоўнай дзейнасці людзі, як правіла, зарабляюць менш. Замест гэтага ўрад вырашыў правесці рэформу, якая прывядзе да павелічэння нагрузкі на бізнес і зніжэння заробкаў працоўных. Гэта створыць яшчэ больш перашкод у плане працаўладкавання насельніцтва», – папярэджвае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя