Хакеісты „Металурга” і „Шахцёра” ўмацавалі лідарства ў чвэрцьфінальных серыях



Двума матчамі ў Маладзечне і Жлобіне працягнуўся першы раўнд плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Дзеючы чэмпіён краіны „Металург” яшчэ на крок наблізіўся да выхаду ў наступную стадыю. У чацвёртай гульні серыі супраць „Гомеля” жлабінчане выйгралі – 3:1, такія ж лічбы ўсталяваліся і ў серыі: пасля паразы ад „Гомеля” у дэбютнай гульні „ваўкі” атрымалі тры перамогі запар.

Таксама хакеісты „Дынама-Маладзечна” на сваім лёдзе ўпусцілі перамогу ў матчы супраць „Шахцёра”. Па ходу трэцяга перыяду чацвёртай гульні серыі маладзечанцы вялі з лікам 3:1, дубль за гаспадароў аформіў Дзмітрый Амбражэйчык. Аднак з 51-й па 60-ю хвіліны сустрэчы салігарчане вызначыліся чатыры разы запар, двойчы закінуў Аляксандр Жыдкіх. У выніку 5:3 на карысць „Шахцёра”, які таксама ўмацоўвае лідарства ў серыі – 3:1.

Шаранговіч прыняў удзел у прайграным матчы НХЛ

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” пацярпеў хатнюю паразу ад „Тампы” — 3:4 у серыі булітаў. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 11 хвілін 39 секунд.

„Лех” згуляе ў 1/4 фінала Лігі канферэнцый

Познаньскі «Лех» прабіўся ў чвэрцьфінал Лігі Канферэнцый. Велізарны крок да поспеху палякі зрабілі яшчэ ў Польшчы, перамогшы 2:0. У гасцях яны яшчэ і нарасцілі перавагу, выйграўшы з большым лікам 3:0 дзякуючы галам Марчвінскага, Квеквескіры і Скураса. Апошні раз прадстаўнік Польшчы гуляў у чвэрцьфінале еўракубка ў сезоне 1994/95 , калі „Легія” прабілася ў гэтую стаыю ў Лізе чэмпіёнаў.

„Манчэстэр Юнайтэд”, „Феенаорд”, „Севілья” і „Ювентус” выйшлі ў чвэрцьфінал Лігі Еўропы

У рамках 1/8 фіналу Лігі Еўропы па футболе адбыліся другія матчы ў парах. У выніку ў наступны раунд прабіліся „Манчэстэр Юнайтэд”, які пасля хатняй перамогі над «Бецісам» 4:1  у гасцях выйграў 1:0, дзякуючы голу Рашфарда, „Феенаорд”, які разграміў данецкі «Шахцёр» 7:1, „Севілья”, якая прайграла «Фенербахчэ» 0:1, але прабілася ў наступным раўн за кошт хатняй перамогі 2:0, а таксама  „Ювентус”, які абыграў «Фрайбург» 2:0. У першым матчы каманд таксама выйграла «Старая сеньёра» 1:0

Інфанціна працягне кіраваць ФІФА

Швейцарскі спартовыы функцыянер Джані Інфанціна трэці раз пераабраны на пасаду прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). На 73-м кангрэсе ФІФА ў Кігалі (Руанда) Джані Інфанціна быў адзіным кандыдатам і, паводле рэгламенту, быў абраны на новы 4-гадовы тэрмін без галасавання.

Івашка не выйшаў на матч супраць Матэа Беррэціні

85-ы нумар рэйтынгу АТП беларус Ілля Івашка не выйшаў на матч супраць італьянца Матэа Берэціні. Гэта павінна была быць сустрэча 1/16 фіналу турніру ў амерыканскім Фініксе з прызавым фондам 220 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя