Выступаў за беларускую мову ў царкве
18 сакавіка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння рэлігійнага і грамадскага дзеяча, каталіцкага святара ўсходняга абраду, навукоўца Міхася Маскаліка (1903-1965).
Міхась Маскалік нарадзіўся ў вёсцы Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Тодар і Ганна (з дому Шыманскіх) Маскалікі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай 7-гадовай школе. Два гады вучыўся пры Жыровіцкім праваслаўным манастыры.
У 1927 годзе Міхась Маскалік закончыў гандлёва-кааператыўныя курсы Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У гэтым жа годзе ён паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе да 1931 года вывучаў фізіку і матэматыку. Менавіта ў час навучання ва ўніверсітэце ў яго саспеў намер пайсці па шляху духоўнага служэння сваім суайчыннікам. Таму 14 красавіка 1931 года беларус прыняў актыўны ўдзел ва ўстаноўчым з’ездзе Цэнтральнага беларускага праваслаўнага камітэта, які распачаў змаганне за ўвядзенне ў царкоўнае жыццё беларускай мовы. На гэтым з’ездзе малады прыхільнік беларусізацыі царквы быў заўважаны і абраны ў кіраўніцтва навастворанай арганізацыі і ў якасці сакратара Рады. Але ў хуткім часе Міхась Маскалік убачыў несхаваную варожасць большасці вышэйшага праваслаўнага кліру да беларускай справы. Паступова ён перайшоў да пераканання пра неабходнасць адраджэння ўніяцкай царквы на Беларусі, якая, на яго думку, найбольш адпавядала духоўным патрэбам народа.
Будучы студэнтам Віленскага ўніверсітэта юнак працаваў у Беларускім студэнцкім саюзе, браў актыўны ўдзел у працы Беларускага аб’яднанага тэатра імя Янкі Купалы БІГіК. Як здольны артыст падчас летніх вакацыяў у 1927-1929 гадах вандраваў разам з трупай па гарадах і вёсках Заходняй Беларусі, каб прапагандаваць сярод тутэйшага насельніцтва беларускае слова, набыткі роднай культуры.
Пазней, у сярэдзіне 1930-х гадоў, два месяцы правёў ва Ўнеўскім манастыры на Ўкраіне. У час Другой сусветнай вайны, напярэдадні нападзення Германіі на Савецкі Саюз, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. У 1943 годзе ўступіў у польскую армію генерала Андэрса. Прайшоў Іран, Ірак, Палесціну. У 1944 годзе ваяваў у Італіі. Пасля заканчэння вайны спыніўся ў Рыме, пачаў вучобу ў мясцовым калегіуме. Скончыў філасофскі і багаслоўскі факультэты Грыгарыянскага ўніверсітэта. Пасвячоны ў святары быў ў 1955 годзе. У 1950-1970-я гады падтрымліваў цесныя кантакты з вядомым беларускім святаром Пятром Татарыновічам. Быў адным з актыўных супрацоўнікаў Беларускай секцыі Ватыканскага радыё.
-

На фота: Беларуская царква ў Віндышбергердорфе. Айцец Міхась Маскалік з вернікамі.
У ліпені 1959 года Міхась Маскалік паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Янка Купала – пясняр беларускага народа”, якая ў 1961 годзе была апублікавана асобнай манаграфіяй. Манаграфія Маскаліка – гэта адно з самых значных выданняў па беларусазнаўстве ў Нямеччыне. З гэтай выдатнай працай нашага суайчынніка ў 1959 годзе вітала газета “Бацькаўшчына”.
Беларускі святар і навуковец памёр 25 верасня 1965 года ў шпіталі Святога Бернарда ў Гельдэсгейме. Пахаване адбылося ў Госьляры ў прысутнасці ўкраінскага святарства. Ад беларусаў прымаў удзел мітрапаліт Уладзіслаў Салавей.
Беларускае Радыё Рацыя
