Міністр юстыцыі ФРГ: мы б неадкладна арыштавалі Пуціна



Міністр юстыцыі ФРГ Марко Бушман заявіў, што Уладзімір Пуцін быў бы неадкладна арыштаваны пры прыездзе ў Нямеччыну.

Нагадаем, днямі стала вядома, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МУС) выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Ён падазраецца ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею. Таксама МУС выдаў ордэр на арышт Марыі Львовай-Бяловай, упаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ, па падазрэнні ў гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц прывітаў гэтае рашэнне падчас сваёй паездкі ў Японію. На пытанне „Ці павінен Пуцін цяпер чакаць арышту пры паездцы за мяжу?” міністр юстыцыі Германіі адказаў сцвярджальна.

„Я чакаю, што МУС хутка звернецца ў Інтэрпол, а таксама ў дзяржавы-ўдзельніцы і папросіць іх забяспечыць выкананне рашэння”, – прыводзіць яго словы Bild am Sonntag.

Па словах Бушмана, Нямеччына будзе абавязаная арыштаваць Пуціна, калі ён заедзе на нямецкую тэрыторыю, і перадаць яго МУС.