Празаіку і драматургу Уладзіміру Бутрамееву – 70
20 сакавіка сябры і сваякі пісьменніка Уладзіміра Бутрамеева шчыра павіншуюць яго з 70-годдзем. Нарадзіўся ён на Магілёўшчыне ў сям’і настаўнікаў. Як гэта часта было ў тыя часы, настаўніцкія дзеці ішлі па шляху бацькоў. Будучы пісьменнік скончыў у 1974 годзе геаграфічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, настаўнічаў на Магілёўшчыне. Пасля з жонкай вырашылі пераехаць на яе радзіму — Слонімшчыну. Знайсці працу па спецыяльнасці было складана, і ён уладкоўваецца на Слонімскі папяровы завод.

Пазней, калі стаў сябрам літаб’яднання пры Слонімскай раённай газеце, пачаў друкавацца (у рэспубліканскім друку выступіў з 1982 года), перайшоў на працу ў вячэрнюю школу, а пасля — у Слонімскі народны тэатр. Апошняе паспрыяла далучэнню да драматургіі. У 1986 годзе Уладзімір Бутрамееў заканчвае Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве і атрымлівае спецыяльнасць кінадраматурга. У гэтым жа годзе ў выдавецтве «Маладая гвардыя» выйшла яго першая кніга апавяданняў і аповесцей «Любіць і верыць», а на наступны год, як лепшая першая кніга, яна была адзначана прэміяй імя Максіма Горкага.
Сапраўды, ідэйная канцэпцыя аповесці, пільная ўвага да асобы і
па-філасофску асэнсаваныя і раскрытыя штодзённыя праявы жыцця давалі магчымасць пісаць кінасцэнарый і ствараць фільм. Што і было здзейснена. А ў 1987 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» здымаецца фільм «Экзамен на дырэктара». Уваходзіны Уладзіміра Бутрамеева ў драматургію сталі прыкметнай з’явай, гэта адразу адзначылі знаўцы кіно і тэатра. Яркай творчай удачай аўтара (як і рэжысёра Валерыя Раеўскага) стала п’еса «Страсці па Аўдзею» (1989 г.) — народная драма, у якой раскрыта трагічная праўда часоў гвалтоўнай калектывізацыі. П’еса не сыходзіла са сцэны тэатра імя Янкі Купалы на працягу многіх гадоў. На сёння вывучэнне драмы «Страсці па Аўдзею» ўключана ў школьныя праграмы па беларускай літаратуры.
Пасля была напісана і пастаўлена п’еса «Ізноў Несцерка» (1986) і іншыя. Яна была створана паводле фальклорных крыніц. Перад чытачом паўстае кемлівы і спрытны, дасціпны і знаходлівы, практычны і крыху хітраваты селянін. Да таго ж ён — сапраўдны жыццялюб, па-народнаму мудры беларус.
Шмат кніг Уладзімір Бутрамееў напісаў па гісторыі Беларусі. Адно з папулярных яго выданняў для моладзі – гэта кніга “Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі”.



Беларускае Радыё Рацыя