Франак Вячорка расказаў пра падрабязнасці візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША
Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні здзейсніць свой другі візіт у ЗША. Ён адбудзецца па запрашэнні Кангрэса, расказаў радыё „Унэт” старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
Лідарка дэмакратычнай Беларусі сустрэнецца з кіраўніцтвам Кангрэса, правядзе сустрэчы ў Белым доме і Дзярждэпартаменце. Акрамя таго, у дні візіту Ціханоўскай у ЗША там пройдзе форум Каліноўскага. Гістарычнай падзеяй Франак Вячорка назваў і будучае выступленне Ціханоўскай у Гарвардзе.
У планах візіту таксама – сустрэча ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары і ўкраінскай дыпламатычнай місіі.
— 25 сакавіка мы будзем мітынгаваць каля Белага дома з беларусамі, спадзяюся, што таксама будзе ўкраінская дыяспара, – кажа Франак Вячорка.
Ужо пасля гэтага візіту Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у “Саміце за дэмакратыю”, які пройдзе 29-30 сакавіка па ініцыятыве прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
Беларускае Радыё Рацыя