Крысціна Рыхтэр: Еўропа падала сігнал свету



15 сакавіка Еўрапейскі Парламент аднагалосна прыняў Рэзалюцыю па Беларусі ў сувязі з рэпрэсіямі супраць беларускага народа. Двума днямі пазней Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, а ААН выдаў даклад пра парушэнні ў Беларусі.

Вольга Сямашка пагутарыла з дарадцай Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр пра тое, ці маецца ўзаемасувязь паміж гэтымі трыма дакументамі, які з іх найбольш карысны для офіса Святланы Ціханоўскай, ці можна дапусціць, што Лукашэнка ў мэтах самаамністыі выканае ордэр на арышт Пуціна на тэрыторыі Беларусі пры першай жа мажлівасці, і нарэшце, ці мажліва атрымаць ордэр на арышт Лукашэнкі зараз:

РР: Ці ёсць у рэзалюцыі нейкі алгарытм, каб неяк зрушыць рэжым Лукашэнкі?

– Усе дакуманты, якія мы будзем абмяркоўваць, яны як многія міжнародныя дакуманты, не маюць такой моцы прамога дзеяння. Што вось прыняты дакумант і адразу арыштавалі, прыцягнулі да адказнасці, а дыктатарскі рэжым будзе знішчаны. Гэта так не працуе ў міжнародным прававым полі. Такія рэзалюцыі па самой сваёй сутнасці, гэта намеры, што штосьці будзе зроблена, варта звярнуць на гэта ўвагу. На што варта звярнуць увагу ў рэзалюцыі, прынамсі я звяртаю ўвагу, як юрыст, гэта тое, што ўсё ж такі ёсць намер уключаць у санкцыйныя спісы рознага кшталту прадстаўнікоў рэжыму, прынамсі суддзяў і пракурораў. Гэта тыя людзі, якія здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку гэта правядзенне несправядлівых судовых разбіральніцтваў. То бок гэта важна. Іншае, гэта тое, што прыцягненне да адказнасці, магчымасць стварэння трыбуналу і г.д. Гэта толькі падстава для таго, каб адвакатаваць на нацыянальным узроўні ў краінах Еўразвязу, каб у міжнародных інстытуцыях з’явіліся тыя ці іншыя механізмы. Рэзалюцыя акрэслівае кола дзеянняў. Але гэта ўжо такая сталая праца, каб гэтыя дзеянні былі ажыццёўлены. Надалей трэба на падставе гэтай рэзалюцыі адвакатаваць тое, каб гэта адбылося.

РР: Як гэта рэзалюцыя ўпісваецца ў сучасную сістэму права Беларусі?

– Такія вось рэчы, калі яны адбываюцца, то гэта пэўны сігнал дактрыне Еўразвязу пра тое, што трэба звярнуць на штосьці ўвагу. Як увогуле магчыма будаваць Еўразвяза, калі не рабіць вось такія агульныя рашэнні, агульныя рэзалюцыі, гэта ўвогуле немагчыма. Гэта вельмі добры сігнал, але ён усё ж такі больш накіроўваецца на краіны Еўразвязу. То бок так, рэжым там нешта каментаваў, што на іх гэта не мае ніякай сілы, яны лічаць, што гэта ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы. Гэта наратыў, які прапагандысцкія каналы, прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі кажуць, яны не змяняюцца цягам апошніх гадоў. Прыцягненне да адказнасці, усё ж такі там не напісаны механізм прыцягнення да адказнасці на тэрыторыі Беларусі. Там усё ж такі больш заклік да таго, каб міжнародныя механізмы, а гэта юрысдыкцыі іншых краін, каб быў створаны нейкі трыбунал. Трэба разумець, што ў нас не так многа падстаў, каб стварыць гэты трыбунал. Заклік праз гэтую рэзалюцыю, гэта таксама падстава, каб міжнародная супольнасць пачала распрацоўваць нейкія магчымасці для прыцягнення да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці рэжыму Лукашэнкі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцяй Рацыі” – дарадцай Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя