Беларусь: абыход санкцый і татальны кантроль грамадскага жыцця



Фонд ім. Фрыдрыха Эберта ў супрацоўніцтве з Беларускім Прэс-клубам прадставіў вынікі чацвёртай па ліку штоквартальнай справаздачы „Беларускі трэкер перамен” пра асноўныя змены ў і для Беларусі.

Закрыццё памежнага пункту ў Баброўніках пракаментавала акадэмічны дырэктар BEROC  Кацярына Барнукова:

– Гэта ўсё, несумненна, дабівае рэшткі рэпутацыі ў Беларусі як транзітнага транспартнага хаба. Я нагадаю, што ў добрыя гады Беларусь атрымлівала да 2 мільярдаў выручкі ад экспарту транспартных паслуг. У мінулым годзе яна ўпала ад 1.3 мільярдаў, сёлета, відаць, знізіцца яшчэ больш адчувальна.

Cтарэйшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў назваў два новыя законы ў Беларусі, якія садзейнічаюць татальнаму кантролю грамадскага жыцця:

– Першы пра аказанне псіхалагічнай дапамогі. Прадстаўнікам сілавых органаў нашмат больш аблегчылі доступ да таго, што можна назваць прафесіянальнай медыцынскай тайнай псіхолагаў. Другі момант – пастанова Саўміна пра парадак функцыянавання інфармацыйнай сістэмы. Прадугледжаныя магчымасці для таго, каб фактычна ў анлайн-рэжыме сілавыя органы маглі атрымліваць нічым не абмежаваную пра чалавека лічбавую інфармацыю як ад дзяржаўных структур, так і ад прыватных. Фактычна сачэнне не толькі легалізуецца, яно атрымлівае інстытуцыянарнае афармленне.

Паводле квартальных вынікаў даследвання, рэжым Лукашэнкі актывізуе сваю міжнародную дзейнасць і трымае курс на герметызацыю палітычнай сістэмы. На фоне гэтага ўзнік трэнд фрагментацыі дэмакратычных сіл, што спараджае новыя выклікі для Святланы Ціханоўскай як лідара і яе структур.

Беларускае Радыё Рацыя