Парламент Швецыі афіцыйна ўхваліў уступленне краіны ў NATO



Парламент Швецыі 22 сакавіка ўхваліў законапраект, які дазваляе краіне далучыцца да NATO.

За дакумент прагаласавалі 269 дэпутатаў — як прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі, так і апазіцыйныя сацыял-дэмакраты і правыя папулісты з партыі „Шведскія дэмакраты”. Супраць былі 37 дэпутатаў ад дзвюх апазіцыйных левых партый. Да цяперашняга моманту дамову аб уступленні краіны ў Паўночнаатлантычны саюз ратыфікавалі ўжо 28 краінаў NATO з 30.

Чакаецца, што Вугоршчына зробіць гэта ў бліжэйшы час, аднак згоды Турэччыны на ўступленне Швецыі ў NATO пакуль няма.

Швецыя мае намер уступіць у NATO разам з суседняй Фінляндыяй, якая таксама адмовілася ад традыцыйнага нейтралітэту пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Парламент Фінляндыі ўхваліў уступленне краіны ў NATO 1 сакавіка.