Штрыхі да партрэта Івана Шэгі
25 сакавіка споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння слонімскага доктара і грамадска-палітычнага дзеяча Івана Шэгі (1953-2016).
Слонімскага доктара і грамадскага актывіста Івана Шэгу слонімцы ўспамінаюць і сёння. З ім немагчыма было не пазнаёміцца. Ці то ў раённай паліклініцы, ці то ў бальніцы, калі ён працаваў, ці на розных сустрэчах з выбаршчыкамі, ці проста так на вуліцы ў Слоніме.
Іван Шэга быў прыгожым, інтэлігентным, адукаваным, нястомным ва ўсіх добрых і сур’ёзных справах чалавекам. З ім цікава было размаўляць, ён людзям дапамагаў, раіў, падсказваў. Але жыццёвы лёс яму адмерыў толькі 63 гады жыцця.
Нарадзіўся Іван Шэга ў вёсцы Валеўка на Наваградчыне 25 сакавіка 1953 года. Яго бацька Іван Іванавіч Шэга быў родам з вёскі Малюшычы Карэліцкага раёна. У 18-гадовым узросце бацька пайшоў на фронт, а пасля вайны сем гадоў служыў у акупацыйных войсках у Германіі. Пасля дэмабілізацыі быў накіраваны на працу ў Валеўку, дзе і пазнаёміўся з будучай маці, тады Клаўдзіяй Зайка. Вынікам шлюбу бацькоў стала нараджэнне Івана, а праз 6 гадоў і сястры Наталлі.
Ваня Шэга вучыўся добра, навука давалася яму лёгка. Ды і з настаўнікамі Івану Шэгу вельмі пашанцавала. Ён заўсёды ўспамінаў іх з асаблівай цеплынёй. Беларускасці Ваня вучыўся ў такіх людзей, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Урбановіч, завуч школы Міхась Петрыкевіч, выхаванасці — у класнага кіраўніка Кацярыны Вінаград, ды і ўсе астатнія настаўнікі прымалі ўдзел у фарміраванні з вучняў сапраўдных людзей. У Валеўскай школе тады быў арганізаваны краязнаўчы музей, і вучні прымалі непасрэдны ўдзел у яго працы, праводзілі экскурсіі па музеі падчас канікулаў. Акрамя таго, каля школы вучні і настаўнікі стварылі вялікі парк-дэндрарый з экзатычнымі для нашых мясцін раслінамі, за якімі школьнікі пастаянна наглядалі. У Валеўскую сярэднюю школу прыязджалі і выступалі ў свой час перад вучнямі вельмі многія вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты.
Сярэднюю школу Іван Шэга закончыў з адной чацвёркай у атэстаце. Дарэчы, былы галоўны ўрач Слонімскай бальніцы Юрый Пяцельскі, з якім працаваў Іван Шэга і які выганяў яго з працы, таксама закончыў Валеўскую школу, але значна пазней. Тое, што Іван Шэга падаў дакументы на паступленне ў Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, ён лічыў умяшаннем у ягоны лёс Бога. Шэга дакументы рыхтаваў у політэхнічны інстытут, але, прыехаўшы ў Менск, у апошні момант памяняў рашэнне, нават сам не ведаў чаму, але аднёс дакументы ў медыцынскі інстытут.
-

На фота: Іван Шэга першы злева з аднакурснікамі Мінскага медінстытута. 1973 г.
Падчас навучання на сельгасработах пазнаёміўся з будучай жонкай, якая вучылася на педыятрычным факультэце. У 1974 годзе яны ажаніліся, а ў 1975-м у іх нарадзіўся сын. У 1976 годзе Іван па размеркаванні быў накіраваны на працу ў Капыль хірургам, а жонка — педыятрам. Умовы працы для маладых спецыялістаў тады мала адрозніваліся ад цяперашніх: жылля не давалі, таму жылі на прыватнай кватэры, зарплаты былі малыя, таму без дапамогі бацькоў было б зусім цяжка. Адпрацаваўшы неабходны час, у 1980 годзе Шэгі пераехалі на радзіму жонкі — у Слонім.
У Слоніме ў 1984 годзе Іван Шэга з дапамогай жончыных бацькоў пабудаваў сабе дом. Працаваў у траўматалагічным аддзяленні, шмат аперыраваў, праходзіў стажыроўкі ў Менску, Ленінградзе, Маскве, Запарожжы. Авалодаў методыкай мануальнай тэрапіі, што тады было вельмі модна. У Слонімскай паліклініцы па ягонай ініцыятыве быў адкрыты кабінет мануальнай тэрапіі, пазней на базе аздараўленчага комплексу слонімскага кардонна-папяровага завода «Альбярцін», ім было арганізавана малое прадпрыемства «Фенікс», якое займалася аказаннем дапамогі хворым з астэахандрозам. На жаль, праз два гады, па прычыне рэканструкцыі тэрыторыі завода, прадпрыемства «Фенікс» было закрыта.
-

На фота: У Запарожжы на курсах мануальнай тэрапіі. Іван Шэга чацвёрты справа. 1991 г.
Але доктар Іван Шэга стараўся працаваць сур’ёзна, павышаць свой медыцынскі вопыт, нягледзячы на ўсе праблемы і кур’ёзы. Ён у 1996 годзе стаў спецыялістам вышэйшай катэгорыі. Хворыя стараліся трапіць менавіта да яго на прыём. І доктара ў Слоніме сталі ведаць амаль усе.
У 1994 годзе Слонім наведалі тагачасныя дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі разам з Зянонам Пазьняком. На сустрэчу з імі прыйшлі каля тысячы чалавек, зала РДК не магла ўсіх умясціць. Пасля выступлення Зянона Пазьняка Іван Шэга адразу напісаў заяву на ўступленне ў БНФ. З таго часу, акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці, стаў паціху займацца грамадска-палітычнай. У выніку Іван Іванавіч перамог на мясцовых выбарах 2003 года, стаў дэпутатам Слонімскага раённага Савета.
На выбарах у Палату прадстаўнікоў Івана Шэгу не зарэгістравалі кандыдатам, бо баяліся, што за яго прагаласуе шмат людзей. Выбаршчыкаў прымушалі адклікаць сабраныя за яго подпісы. На чарговых мясцовых выбарах зноў не зарэгістравалі з-за дэкларацыі аб даходах. У даведцы аб даходах з бальніцы «забыліся» ўказаць 20 тысяч беларускіх рублёў прэміі. У 2007 годзе Іван Шэга арганізаваў кампанію за добраўпарадкаванне свайго мікрараёна, пасля чаго заасфальтавалі некалькі вуліц і завулкаў горада.
-

На фота: Іван Бедка, Станіслаў Шушкевіч і Іван Шэга, 2007 г..
Выбары 2008 года ў парламент тысячы слонімцаў лічылі пераможнымі для доктара. Але не прапусцілі. З гэтага часу Іван Шэга на працы быў пад пастаянным прэсінгам. Але па-сур’ёзнаму зачапіць яго не маглі, хаця нерваў папсавалі шмат. Маючы вышэйшую катэгорыю і з’яўляючыся аперыруючым хірургам, ён напісаў заяву аб пераходзе з паліклінікі ў траўматалагічнае аддзяленне Слонімскай бальніцы, бо там з’явілася вакансія. Галоўны ўрач Пяцельскі яму тады адмовіў.
У 2012 годзе Іван Шэга зарэгістраваў недзяржаўную інфармацына-кансультатыўную ўстанову «Шэгамедкансульт». Перад гэтым мясцовыя актывісты ў Слоніме правялі добрыя грамадзянскія кампаніі па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Была праведзена канферэнцыя па гэтым пытанні з удзелам медыкаў з Гародні і Менску, выпрацаваны канкрэтныя прапановы, якія былі накіраваны ў Слонімскі райвыканкам і адміністрацыю Слонімскай ЦРБ. Вынікам яе з’явілася набыццё кампутарнага тамографа, адмена незаконнай аплаты хворымі рэнтгенаўскай плёнкі, рэфармаванне працы траўматалагічнага кабінета паліклінікі. Акрамя таго, Іван Шэга прааналізаваў стан і выпрацаваў прапановы па рэфармаванні сістэмы аховы здароўя Беларусі…
21 мая 2013 года Іван Шэга атрымаў ад таго ж Пяцельскага пісьмо, дзе галоўны ўрач папярэджваў: «Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня Вы будзеце звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта, п. 2 арт. 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».
Даведаўшыся пра гэта, жыхары Слоніма пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Слонімскі райвыканкам, Гарадзенскі аблвыканкам, Міністэрства аховы РБ, адміністрацыю прэзідэнта, у якім прасілі даць ім мажлівасць лячыцца ў вопытнага доктара, якому яны давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў. У абарону доктара Івана Шэгі было сабрана звыш 1500 подпісаў і адпраўлена па адрасах. Але Івана Шэгу звольнілі з працы…
-

На фота: У Варшаве з Віктарам Сырыцам, 2014 г.
Пры жыцці Іван Шэга паспеў яшчэ выдаць кнігу артыкулаў “Пра краіну і пра нас”. Невылечная хвароба рана забрала гэтага выдатнага і таленавітала доктара і проста цудоўнага чалавека.
25 сакавіка сваякі, сябры, землякі і былыя пацыенты наведалі слонімскія гарадскія могілкі і ўсклалі кветкі на яго магілу.
Беларускае Радыё Рацыя

