„Шахцёр” абыграў „Металург” на старце паўфінальнай серыі



У беларускай хакейнай экстралізе стартавала паўфінальная стадыя плэй-оф. У паўфінал экстралігі выйшлі дзейныя чэмпіён і віцэ-чэмпіён краіны „Металург” і „Юнацтва”, а таксама першая і другая каманды мінулага рэгулярнага сезона „Шахцёр” і „Нёман”. Як і ў мінулым годзе, супернікам салігарчан па гэтай стадыі сталі хакеісты жлобінскага клуба. Год таму ў паўфінальнай серыі паміж „гарнякамі” і „ваўкамі” спатрэбіліся ўсе сем матчаў, тады перамог „Металург”. Пачатак цяперашняга двубоя застаўся за гульцамі „Шахцёра”. Лік у першым паядынку быў адкрыты толькі на экватары сустрэчы, калі вызначыўся форвард салігарчан Міхаіл Шалагін. Праз тры хвіліны нападнік гасцей Аляксей Маструкоў аднавіў парытэт – лічбы 1:1 пратрымаліся на табло амаль паўтара перыяды. Здавалася, справа набліжаецца да авертайму, але за 4 хвіліны да сірэны Арцём Дзямкоў прынёс „Шахцёру” стартавую перамогу – 2:1. Наступны матч каманды правядуць таксама ў Салігорску 28 сакавіка, далей серыя пераедзе ў Жлобін, дзе супернікі згуляюць 30 сакавіка і 1 красавіка. Другую паўфінальную пару склалі „Нёман” і „Юнацтва”, гэтая серыя да чатырох перамог стартуе ў Гародні сёння (пачатак першай гульні – у 19.30).

Шымановіч прайграла ў фінале турніру ў Пальманаве

Беларуска Ірына Шымановіч, якая мае 221-ы нумар рэйтынгу ВТА, прайграла ў фінале турніру ў іспанскай Пальманаве з прызавым фондам 25 тысяч даляраў. Наша суайчынніца саступіла 204-й ракетцы планеты прадстаўніцы Румыніі Жаклін Адзінэ Крысціян — 4:6, 0:6.

„Алімпія” выйшла ў паўфінал жаночага чэмпіянату Беларусі

У чвэрцьфінальных матчах серыі да дзвюх перамог жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе „Алімпія” і „Гарызонт” дамагліся буйных хатніх перамог. Алімпія абыграла РГУАР – 99:44, а „Гарызонт” быў мацней за „Брэст” – 99:35.

„Мінск” перамогай завяршыў сезон Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты „Мінска” завяршылі выступы ў чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Апошнім супернікам падначаленых Расціслава Вергуна ў сезоне стала „Астана”, сустрэча каманд са сталіц Беларусі і Казахстана адбылася ў Менску. Першую палову матчу баскетбалісты беларускай каманды правялі не надта ўдала: стартавую чвэрць наша каманда прайграла з розніцай „мінус 9”, на вялікі перапынак адставанне гаспадароў паркета вырасла да 11 ачкоў. Аднак у наступным адрэзку ход паядынку змяніўся кардынальным чынам: беларусы выйгралі трэцюю чвэрць з дваццаціачковай перавагай і захапілі лідарства ў матчы 62:53. У заключнай 10-хвілінцы мінчанам заставалася толькі ўтрымаць перавагу, што яны і зрабілі, нават нарасціўшы адрыў. Вынік – 84:69 на карысць сталічнага клуба. Гэтая перамога стала для „Мінска” усяго трэцяй у 32 матчах сезона. У турнірнай табліцы чэмпіянату нашы баскетбалісты занялі апошняе 12-е месца.

Зборная Англіі абыграла Украіну ў матчы адбору на Еўра-2024

У матчы 2-га тура кваліфікацыйнага раунда чэмпіянату Еўропы – 2024 сустрэліся зборныя Англіі і Украіны. Гульня праходзіла на стадыёне „Уэмблі” ў Лондане і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:0. На 37-й хвіліне вызначыўся Гары Кейн, на 40-й хвіліне перавагу «трох ільвоў» падвоіў Букаё Сака. У другім тайме лік не змяніўся. Такім чынам, пасля двух матчаў у англічан ужо шэсць ачкоў. Для зборнай Украіны матч з Англіяй стаў першым у адборавым турніры. Ва ўкраінцаў, адпаведна, нуль ачкоў. Зборная Італіі на выездзе перамагла каманду Мальты – 2:0 і займае другое месца. Зборная Казахстана на хатняй арэне перамагла каманду Даніі – 3:2, пасля першага тайма гаспадары саступалі з лікам 0:2. Зборная Партугаліі адправіла 6 мячоў у браму Люксембурга – 6:0. Дублем у другой сустрэчы запар за нацыянальную зборную адзначыўся нападнік Крышціяну Раналду. Такім чынам, форвард забіў ужо 122 мячы за нацыянальную зборную, абнавіўшы сусветны рэкорд.

Беларускае Радыё Рацыя