Дырэктара буйной кампаніі „Авангард Лізінг” асудзілі па „народным” артыкуле



Як стала вядома праваабаронцам „Вясны”, дырэктара ЗАТ „Авангард Лізінг” Антона Андрэнку і іншых супрацоўнікаў кампаніі затрымалі восенню 2022 года па „даносе неабыякавых грамадзян”. Налёт на кампанію скончыўся адміністрацыйнымі арыштамі для многіх супрацоўнікаў кампаніі.

Антона і яшчэ аднаго супрацоўніка Аляксея судзілі па адміністрацыйных артыкулах некалькі разоў. Андрэнка прабыў на Акрэсціна мінімум чатыры арышты — каля 60 сутак, а пасля гэтага супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дырэктара кампаніі „Авангард Лізінг” змясцілі пад варту ў СІЗА-1.

13 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Менска над Антонам Андрэнкам адбыўся суд. Справу разглядала суддзя Марына Клімчук. Вынік суда праваабаронцам пакуль невядомы.