Агляд прэсы: узяцца за старое



Ядзерная зброя ў Беларусі: наколькі вялікая небяспека? Пенсійная рэформа і пратэсты ў Францыі працягваюцца. Берлін дамогся кампрамісу для рухавікоў на электрапаліве. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

На фоне заявы Пуціна пра тое, што Расея мае намер размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю, у свеце растуць засцярогі з нагоды магчымай эскалацыі вайны ва Украіне. Пуцін спаслаўся на тое, што ЗША, маўляў, трымаюць ядзерную зброю на тэрыторыі сваіх саюзнікаў у Еўропе. Еўрапейская прэса разважае пра тое, якую мэту мае Пуцін, рашаючыся на гэты крок. «Матывы Пуціна тут ясныя», – піша чэшская газета Lidové noviny.

«Нязначная колькасць тактычных ядзерных боегаловак у Беларусі не мае асаблівага значэння ў ваенным плане. У рэшце рэшт, такая ж зброя размешчана і ў расейскім Калінінградзе. А значыць, гэты ход Пуціна – перш за ўсё спроба запалохаць Украіну і, галоўнае, Захад, а таксама абвастрыць канфрантацыю. Адным словам, гэта вяртанне да паводзін у духу горшых дзён халоднай войны. Ужо тады Савецкі Саюз, які так хоча вярнуць Пуцін, займаўся не толькі ядзернымі пагрозамі, але і нападаў на дзяржавы, якія хацеў кантраляваць. Мы, чэхі, вельмі добра гэта памятаем», – падкрэслівае чэшскае выданне.

У Францыі не цішэюць пратэсты і забастоўкі, выкліканыя спрэчнай пенсійнай рэформай. Прэзідэнт Макрон не адступіўся ад сваіх планаў па правядзенні пенсійнай рэформы і не выказаў шкадавання з нагоды таго, што рашэнне аб яе ажыццяўленні было прынята ўрадам у абыход парламента.  «У людзей, уласна, і няма іншага выйсця, акрамя як выйсці на вуліцы», – адзначае каталонская газета El Periódico de Catalunya.

«Пратэсты працягнуцца, паколькі прадыктаваныя агульнай незадаволенасцю насельніцтва, якое толькі-толькі перажыло неабыякі крызіс у сферы аховы здароўя – і цяпер сутыкнуўся з новым крызісам, ды яшчэ і ў сітуацыі, калі кошты на прадукты харчавання растуць, а інфляцыя б’е па заробках. У Францыі таксама паглыбляецца сацыяльны разрыў паміж гарадскімі цэнтрамі, якія кіруюцца выхадцамі з буржуазных сем’яў, і прыгарадамі. Напрошваецца пытанне: ці можа ўсе рашэнні прымаць у адзіночку адзін-адзіны чалавек – прэзідэнт, ці мадэль рэспублікі варта змяніць? Паколькі парламент у гэтым пытанні практычна адхілены ад спраў, французская дэмакратыя перадае ўсю ўладу прэзідэнту. Але ў такім выпадку застаецца толькі вулічны пратэст», – адзначае каталонскае выданне.

Міністэрства транспарту Германіі прымусіла Еўракамісію пайсці на саступку, згодна з якой аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання змогуць-такі выводзіцца на рынак і пасля 2035 года. Аднак такія машыны могуць эксплуатавацца толькі на электрапаліве, гэта значыць сінтэтычных відах паліва, якія вырабляюцца пры дапамозе электрычнасці з аднаўляльных крыніц энергіі. Прэса крытыкуе як падыход федэральнага ўрада Германіі, так і змест самой саступкі. Як адзначае аўстрыйская газета Kurier, у тым, што тычыцца электрапаліва для аўтатранспарту, застаецца яшчэ шмат нявырашаных пытанняў.

«Абвешчаны ў суботу кампраміс аб распрацоўцы новага класа аўтамабіляў, якія будуць працаваць толькі на электрапаліве, зманлівы. Па-першае, зусім незразумела, ці будуць наогул якія-небудзь аўтаканцэрны, акрамя Porsche і Ferrari, выпускаць такія аўтамабілі. Па-другое, нягледзячы на тое, што вытворчасць электрапаліва ў бліжэйшыя гады значна ўзрасце, яна будзе мець патрэбу ў суднаходнай галіне, авіякампаніях і хімічнай прамысловасці. І па-трэцяе, пакуль што можна толькі варажыць, у колькі ўсё гэтае электрапаліва нам абыйдзецца!», – піша аўстрыйскае выданне.

Ва ўніверсітэцкай клініцы горада Орхус пацыентам з ракам тоўстай кішкі зараз даводзіцца чакаць сваёй аперацыі даўжэй, чым звычайна. Замест прадугледжаных законам двух тыдняў такім пацыентам даводзіцца чакаць да двух месяцаў. Мясцовая прэса занепакоена тым, што гэта не адзінкавы выпадак. На думку дацкай газеты Politiken, сацыяльная дзяржава праваліла сваю місію.

«Важна прааналізаваць гэты скандал і выправіць памылкі, каб захаваць давер да сістэмы аховы здароўя. Справа ў тым, што гаворка ідзе не толькі аб лячэнні кожнага пацыента паасобку, але і аб грамадскай дамове ў рамках сацыяльнай дзяржавы: мы ўносім у сістэму столькі, колькі можам, але з адназначным разлікам: у дзень ікс, калі нас ці нашых блізкіх дагоніць сур’ёзная хвароба, сістэма зробіць усё магчымае і забяспечыць нас самым лепшым лячэннем. У дадзеным выпадку грамадская дамова не спрацавала», – канстатуе дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка