Пра ядзерную зброю замест туалетаў
Падавалася, у 21 стагоддзі нармальнай прыбіральняй з каналізацыяй нікога не здзівіш. Нават у прыватным сектары многія даўно адмовіліся ад драўляных прыбіральняў з дзіркай. Падавалася, на еўрапейскай частцы постсавецкай прасторай унітаз – гэта норма. Напрыклад, паводле звестак Statista, у Беларусі прыватныя прыбіральні з каналізацыяй адсутнічаюць у адносна невялікай колькасці насельніцтва – ад 0 да 9%. Так што, у Беларусі з прыбіральнямі сапраўды ўсё добра. Чаго не скажаш пра суседнюю краіну, якая мае ядзерную зброю і якая збіраецца гэтую ядзерную зброю размясціць і ў Беларусі.

Паводле інфармацыі Statista, у Расеі прыватныя прыбіральні з каналізацыяй адсутнічаюць у ад 10% да 24% насельніцтва. То бок грошы на ядзерную зброю для іншай краіны ў іх ёсць, а на ўнітазы для ўласнага насельніцтва адсутнічаюць. Канешне, унітазамі імперыю не пабудуеш. А тое, што ў 24% насельніцтва можа не быць нармальнага цывілізаванага туалета, улады Расеі хвалюе мала. У іх, відаць, сверхмэта ёсць. А вось праблема якіх Пятровічаў з Іванаўнамі, якія жывуць за кіламетраў дзвесце ад Масквы і маюць, як у пачатку 20 стагоддзя, драўляную прыбіральню, Крэмль ужо не хвалюе. То бок Расея марнуе каля 4 мільёнаў долараў у дзень на вайну ва Украіне, дзе яе вайскоўцаў ніхто не хоча бачыць. Замест таго, каб правесці каналізацыю для свайго насельніцтва. А між іншым, 24% ад насельніцтва Расеі – гэта каля 35 мільёнаў чалавек.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя