Студэнты Віленскага ўніверсітэта ў паўстанні 1831 года
Падзеі паўстання 1831 года на Беларусі звязваюцца найперш з імем Эміліі Плятэр – кіраўнічкі інсургенцкага аддзела, апетай Адамам Міцкевічам у вершы „Смерць палкоўніка”. Але, на жаль, амаль не згадваецца гераічны і самахвярны чын „акадэмікаў” – галоўным чынам студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, сярод якіх было шмат ураджэнцаў нашага Краю. 29 лістапада 1830 года ў Варшаве выбухнула паўстанне, а ўжо 13 снежня расейскія ўлады абвесцілі ваеннае становішча ў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губернях і ў Беластоцкай акрузе. Тым не менш на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага пачалася непасрэдная падрыхтоўка да паўстання: вусная агітацыя, распаўсюджванне пісьмовых адозваў, збор сродкаў і зброі.

У гэты самы час у Вільні засноўваецца падпольны „Акадэмічны саюз”, у склад якога ўвайшлі як студэнты, так і выкладчыкі ўніверсітэта. Галоўная мэта арганізацыі – падрыхтоўка паўстання ў горадзе. Колькасць сяброў арганізацыі імкліва ўзрастала і праз некалькі тыдняў ужо налічвала больш за 400 чалавек (варта адзначыць, што ў 1830 годзе ў Віленскім універсітэце навучалася больш за 1300 студэнтаў). Ачоліў „Акадэмічны саюз” выкладчык нямецкай мовы і літаратуры Вінцэнт Поль.
Аднак не спалі ў шапку і царскія ўлады. Так, на загад генерал-губернатара Рымскага-Корсакава ўначы з 17 на 18 снежня ў памяшканнях, дзе жылі студэнты, прайшлі ператрусы. Праўда, загадзя папярэджаныя „акадэмікі” паспелі падрыхтавацца, таму, нягледзячы на тое, што ўлады знайшлі некалькі дзесяткаў адзінак агняпальнай зброі, уся яна была прайржавелая і непрыдатная да выкарыстання.

20 снежня 1830 года польскі Сейм выдаў маніфест, у якім звярнуўся да жыхароў цяперашніх Беларусі, Літвы і Украіны з заклікам падтрымаць узброеную барацьбу за аднаўленне Рэчы Паспалітай. А ў канцы студзеня 1831 года паўстаў Віленскі Цэнтральны Камітэт, які прызнаў вяршэнства Варшаўскага ўрада і мусіў спрыяць разгортванню паўстання на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, менавіта з ініцыятывы мясцовай шляхты 26 сакавіка інсургенты занялі Расіены, 28 сакавіка – Шаўлі, Цельшы і 4 красавіка паўстанцы вызвалілі Ашмяны, 11 красавіка – Свянцяны, а таксама Відзы, Трокі, Гальшаны. Полымя паўстання разгаралася і ў Гарадзенскай ды Менскай губернях. Вядома, маладыя і гарачыя патрыёты не маглі заставацца ў баку ад гэтых падзей. І калі ад канца сакавіка Вільню пакінулі каля 40 „акадэмікаў”, то, паводле даследванняў, зробленых на падставе ўніверсітэцкіх справаздачаў і мемуараў, 25 красавіка – блізу 100 маладзёнаў. А 10 і 11 траўня з горада выйшла каля 400 асобаў. Увогуле ж, паводле паліцэйскага рапарту, „усяго да 15 траўня Вільню пакінулі 1000 чалавек”. Безумоўна, у гэтую колькасць уваходзяць не толькі студэнты, але і гімназісты, лекары, юрысты, рамеснікі і г.д…
Пра гэта цікава піша даследчык Зміцер Захарэвіч у свежым нумары электроннага выдання “Наша слова.pdf”.
У нумары публікуецца і шмат іншых матэрыялаў, найперш прыцягваюць увагу артыкулы пра Міжнародны менскі кніжны кірмаш, пра беларусаў, якія сустракаліся з індзейцамі, пра Міжнародны дзень лялечніка ў Лідзе і, вядома ж, пра Вербніцу, якая будзе адзначацца 2 красавіка.
Беларускае Радыё Рацыя