Агляд прэсы: а можна было б і інакш



МАК рэкамендаваў дапусціць беларусаў да спаборніцтваў. Карл III едзе за мяжу. Ці захоўваецца небяспека для дэмакратыі ў Ізраілі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У аўторак Міжнародны алімпійскі камітэт выказаўся за тое, каб беларускія і расейскія спартсмены маглі прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах, калі яны будуць выступаць пад нейтральным флагам: без флага, гімна і іншых нацыянальных сімвалаў. Аглядальнікі зусім не ў захапленні ад рэкамендацыі МАК. «Правы чалавека МАК зусім не цікавяць», – такую выснову робіць швейцарская газета Tages-Anzeiger.

«Пра мараль там увогуле даўно ўжо ніхто не кажа. Для перавыбрання старшыні МАК Баху дастаткова максімальна шчодра размеркаваць грашовыя сродкі. Як, уласна, і ў праславутай ФІФА. У тым, што тычыцца і сапраўды важных пытанняў, такіх як правы чалавека, найбуйнейшыя спартыўныя аб’яднанні з часам не прагрэсіравалі, а хутчэй – наадварот. ПАР, пачынаючы з 1991 года, на працягу трох дзесяцігоддзяў не дапускалася да Алімпійскіх гульняў з прычыны апартэіду, які панаваў у краіне. А зараз нават таго факта, што ідзе сапраўдная вайна, недастаткова для таго, каб не дапусціць да спаборніцтваў агрэсара – Расею і яго галоўнага памагатага – Беларусь?», – задаецца рытарычным пытаннем швейцарскае выданне.

***

Кароль Вялікабрытаніі, Паўночнай Ірландыі і каралеўстваў Садружнасці Карл III не прыедзе з візітам у Парыж, як было запланавана раней. Прычына таму – унутрыпалітычная сітуацыя ў Францыі, ахопленай бурнымі пратэстамі ў сувязі з вызначанай пенсійнай рэформай. Рашэнне адмовіцца ад візіту было прынятае сумесна Лонданам і Парыжам. Як заявіў прэзідэнт Францыі Макрон, яно прадыктавана меркаваннямі «здаровага сэнсу». Такім чынам, першай замежнай паездкай Карла III пасля ўступлення на трон стане візіт у Берлін. «Той факт, што Карл III наведае з візітам Берлін, а не Парыж – балючы ўдар для Макрона», – такі каментар венгерскай газеты Magyar Hírlap.

«Традыцыйны метад брытанскай дыпламатыі заключаецца ў тым, каб у кантынентальных канфліктах заўсёды падтрымліваць таго, хто слабейшы, каб адваротны бок не здабыў занадта вялікай сілы. У дадзеным выпадку слабейшым бокам з’яўляецца Францыя, а мацнейшай – Нямеччына. Дагэтуль вось Парыж-Берлін выступала дамінуючай сілай Еўразвяза. Аднак у апошні час паміж Парыжам і Берлінам назіраецца саперніцтва, у рамках якога кожны з бакоў спрабуе пашырыць свой уплыў у ЕЗ за кошт свайго контрагента. У гэтым кантэксце і трэба інтэрпрэтаваць адмову брытанскага караля прыехаць у Парыж. Для французаў гэта вельмі непрыемна, а для самога Макрона і зусім гучная дыпламатычная аплявуха», – падкрэслівае венгерскае выданне.

***

Пасля масавых пратэстаў, якія пракаціліся па краіне, прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху на час прыпыніў працэс прыняцця спрэчнай судовай рэформы. Адбыліся першыя перамовы паміж чальцамі ўрада, сфармаванага правымі і артадоксамі, і прадстаўнікамі апазіцыі. Паведамляецца, што сустрэча прайшла «у добрай атмасферы». Тым не менш каментатары лічаць, што так лёгка пераадолець гэты крызіс наўрад ці ўдасца. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung задаюцца пытаннем, ці мае Нетаньяху дастатковы аўтарытэт для таго, каб пераканаць сваю кааліцыю ў неабходнасці гэтага кампрамісу.

«Яму ўжо прыйшлося заплаціць немалую цану за тое, каб хоць неяк аднавіць парадак у краіне. У абмен на згоду проста адкласці рэформу – гэта значыць нават не адмяніць або перапрацаваць яе – міністр бяспекі Бэн-Гвір запатрабаваў перадаць яму паўнамоцтвы па наглядзе за Нацыянальнай гвардыяй. Той факт, што гэты экстрэміст-правакатар атрымае ў свае рукі камандаванне новаствораным ваенізаваным фармаваннем, прызначаным для барацьбы з беспарадкамі ўнутры краіны, можа ў будучыні абярнуцца праблемай», – канстатуе нямецкае выданне.

***

Міністэрства транспарту Германіі прымусіла Еўракамісію пайсці на саступку, згодна з якой аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання ўсё ж змогуць выводзіцца на рынак і пасля 2035 года. Аднак такія машыны могуць эксплуатавацца толькі на электрапаліве, гэта значыць сінтэтычных відах паліва, якія вырабляюцца з дапамогай электрычнасці з аднаўляльных крыніц энергіі. «Пасля таго як Нямеччына выгандлявала сабе выключэнне для аўтамабіляў на электрапаліве, Францыя мае намер зрабіць тое ж самае – праўда, ужо ў стаўленні энергіі атама. Усё гэта – відавочна на шкоду асновам ЕЗ», – лічыць Jutarnji list.

«Усе краіны ЕЗ роўныя, але Берлін і Парыж, судзячы па ўсім, усё ж такі раўней за іншых. Такое развіццё падзей толькі яшчэ мацней пахістае адзінства ЕЗ. Гэтае адзінства, як правіла, выяўляе сябе тады, калі на карту пастаўленыя агульныя прынцыпы, і неадкладна ставіцца пад сумнеў і парушаецца, як толькі гаворка заходзіць аб пэўных інтарэсах: першым чынам у вобласці энергетыкі, фінансаў і міграцыі. Магчымая адмова ад забароны на вывад на рынак новых дызельных і бензінавых аўтамабіляў пасля 2035 года, ці ж размыванне гэтай мэты, нанясе шкоду іміджу ЕЗ як лідэра ў барацьбе з глабальным пацяпленнем», – падкрэслівае харвацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.