Іван Марозька: У нашым фільме шукалі агульнае ў розных поглядах і думках



Ініцыятыва “Free Belarus Center” прэзентавала дакументальны фільм “Šlach da voli”. Стужка была прымеркаваная да 105-годдзя абвяшчэння БНР.

Героямі карціны сталі сузаснавальніца Беларускага Моладзевага Хаба Стася Гліннік, мастачка Караліна Палякова, спявачка Сhornabrova і праваабаронца Андрэй Палуда.

Пра стварэнне і важнасць фільму “Šlach da voli” распавёў яго галоўны рэдактар, камунікацыйны мэнэджар FBC і сённяшні Госць Рацыі Іван Марозька нашаму варшаўскаму карэспандэнту.

РР: Як абіраліся тыя людзі, якія ўрэшце рэшт сталі героямі стужкі?

Іван Марозька: Мы з камандай ставілі для сябе такую мэту – паказаць розных людзей, розных беларусаў і беларусак, з розных сфер і розных пакаленняў, каб склалася такая карціна, ці нейкае даследаванне ў гэтым фільме пра розныя шляхі, розныя думкі і розныя погляды на прыкладна аднолькавыя паняцці – напрыклад, дома, радзімы, волі. Каб пашукаць нейкае агульнае ў гэтай розніцы.

РР: У вас сталі героямі чатыры чалавекі, прычым, мне падаецца, з розных бакоў.

Іван Марозька: З зусім розных бакоў. Гэта людзі і з розных гарадоў Беларусі, розных пакаленняў, розных прафесійных напрамкаў. Гэта Андрэй Палуда – вядомы беларускі праваабаронца, адзін з нашых герояў, Караліна Палякова – гэта фотамастачка, Паліна Дабравольская – рэжысэрка і спявачка, Стася Гліннік – актывістка, зараз яна ў Каардынацыйнай радзе, сузаснавальніца Беларускага Моладзевага Хаба.

РР: Ці быў яшчэ нехта з прэтэндэнтаў на ролі ў гэтай стужцы?

Іван Марозька: Было шмат прэтэндэнтаў. Мы іх не абіралі па нейкай медыйнасці. Проста мы прапанавалі гэтым людзям, дамовіліся з імі, супалі неяк па часе і зрабілі менавіта з гэтымі героямі.

Цалкам размова:

Убачыць фільм цяпер можна ў YouTube: https://youtu.be/jDycKjQq3cU.

З галоўным рэдактарам карціны “Šlach da voli” Іванам Марозькам размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.