Хакеісты „Юнацтва” трэці раз абыгралі „Нёман”



У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя. У пятніцу на лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны” адбыўся трэці паядынак серыі да чатырох перамог паміж „Юнацтвам” і „Нёманам”. Два папярэднія матчы супрацьстаяння, якія прайшлі 27 і 29 сакавіка ў Гародні, завяршыліся на карысць сталічнага клуба 2:1 і 3:1. Пачатак трэцяй гульні таксама застаўся за менчанамі: ужо ў дэбюце стартавай трэці лік адкрыў Аляксандр Кітараў. На 16-й хвіліне матча форвард гасцей Ілля Казячы зраўняў лічбы на табло, але ўсяго праз 40 секунд Арсень Каўгарэня вярнуў „Юнацтву” лідарства – 2:1. У другім перыядзе каманды абмяняліся ўзяццямі брамкі, на гол менчаніна Захара Палішчука адказаў гарадзенец Павел Ажгірэй – 3:2. Цягам заключнай трэці адыграцца „Нёман” так і не здолеў, замест гэтага прапусціўшы яшчэ двойчы. Аўтарамі шайб на гаспадароў сталі Андрэй Антонаў і Аслан Раісаў. Фінальны лік – 5:2 на карысць „Юнацтва”. Брамнікі „Нёмана” і „Юнацтва” Іван Палякоў і Леанід Фамін абмяняліся звышкур’ёзнымі прапушчанымі шайбамі. Фамін прапусціў практычна ў стылі Томі Сала ўзору Алімпіяды-2002. А Палякоў спрабаваў злавіць шайбу, якая ляцела міма брамкі, але адправіў яе ва ўласную рамку.

Такім чынам, падначаленыя Яўгена Есаулава зараз знаходзяцца ў адной перамозе ад выхаду ў чарговы фінал.

Талапіла падпісаў кантракт навічка з „Ванкувер Кэнакс”

Клуб НХЛ „Ванкувер Кэнакс” падпісаў кантракт пачаткоўца з беларускім галкіперам Мікітам Талапілам. Пагадненне разлічана на два гады, паведамляе партал sportsnet.ca.
„Рады, што дамовіліся з Мікітам, паколькі працягваем пашыраць кола патэнцыйных гульцоў і падвышаць выніковасць нашай арганізацыі. Ён спалучае вялікі рост з майстэрствам і дамогся добрага развіцця на прафесійным узроўні за апошнія два сезоны ў Швецыі, стаўшы адным з самых дасведчаных брамнікаў у сваёй лізе”, — пракаментаваў падпісанне генеральны менеджэр „Кэнакс” Патрык Олвін.

Гутар унесены ў заяўку казахстанскага „Аксу” на сезон

Беларускі брамнік Аляксандр Гутар перайшоў у казахстанскі „Аксу”. Галкіпер унесены ў заяўку клуба на сезон у казахстанскай прэм’ер-лізе, паведамляе сайт турніру. Гутар з’яўляецца васьміразовым чэмпіёнам Беларусі ў складзе БАТЭ, берасцейскага „Дынама” і салігорскага „Шахцёра” адпаведна. У 2011 годзе ён ганараваўся званнем лепшага футбаліста краіны. Апошнім клубам брамніка быў „Шахцёр”, яго ён пакінуў у студзені 2022 года. Мінулы сезон ён прапусціў.
Гутар стаў 20-м беларусам у сёлетнім чэмпіянаце Казахстана. У „Аксу” ён будзе гуляць з іншым беларусам Андрэем Салаўём, які перайшоў у гэты клуб з „Шахцёра” на правах арэнды.

Квітава перамагла крыўдзіцельку Сабаленкі ў паўфінале турніру ў Маямі

15-ы нумар сусветнага рэйтынгу Петра Квітава перамага ў паўфінале турніру серыі ВТА-1000 у Маямі. Чэшская спартоўка нанесла паразу крыўдзіцельцы беларускі Арыны Сабаленкі, румынцы Саране Кырсця. Матч працягваўся 1 гадзіну 43 хвіліны і завяршыўся з лікам – 7:5, 6:4.
Суперніцай Квітавай у вырашальным матчы спаборніцтваў будзе Алена Рыбакіна з Казахстана.

Беларускае Радыё Рацыя