У Менску да сваякоў былога палітвязня прыйшлі сілавікі
У сваякоў былога палітвязня і беларускага актывіста Аляксандра Стральцова ў Менску адбыўся ператрус.

У чым падазраюць мужчыну, сілавікі не патлумачылі. Сам Аляксандр са снежня 2021 года знаходзіцца за мяжою.
„Прэтэнзій з іх боку, вядома, можа быць шмат. Гэта і ўдзел у акцыях пратэсту, і ў тэраабароне Кіева, да якой я далучыўся на пачатку вайны ва Украіне. Пра мяне выходзілі сюжэты ў розных СМІ, у тым ліку замежных. Сваякам сілавікі не патлумачылі з якой прычыны праводзяць ператрус і якая крымінальная справа ўзбуджана. Пры гэтым, пры ператрусе называлі нават адрасы вясковых хат маіх дзядоў-бабулек”, – пракаментаваў Аляксандр.
Аляксандр Стральцоў – беларускі актывіст. Ён быў удзельнікам намётавага мястэчка ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 году. У 2008 годзе быў адзін з асуджаных па так званай „справе 14-ці”, калі ў дачыненні да 14 маладых актывістаў была ўзбуджаная крымінальная справа за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Тады яго асудзілі на 2 гады „хіміі”. Быў прызнаны палітвязнем. Пазней ён распрацаваў комплексную праграму выхаду Беларусі з крызісу „Шлях пераменаў”. Цяпер знаходзіцца за мяжой.