Агляд прэсы: «атамныя» сябры
Размяшчэнне расейскай ядзернай зброі нясе для Беларусі вялікія наступствы. Як развіваюцца адносіны РФ і Турцыі? Выбары ў Фінляндыі: гонка з адкрытым фіналам. Якія перспектывы Binance у ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Нядаўняя заява Пуціна пра тое, што Расея размесціць у Беларусі ядзерную зброю, стала глабальным загалоўкам, але шмат у чым гэта было цалкам прадказальна. Масква абвастрае канфлікт у той час, калі іншыя спробы пераканаць Захад спыніць павелічэнне ваеннай дапамогі Украіне праваліліся. У рэшце рэшт, у заходніх лідараў нічога не застаецца, як успрымаць ядзерную пагрозу сур’ёзна», – піша амерыканскае выданне The Carnegie Endowment.
«Калі расейская зброя можа з’явіцца ў Беларусі, пакуль незразумела. Пуцін паведаміў толькі, што з красавіка беларускія лётчыкі будуць навучацца кіраванню самалётамі, здольнымі несці ядзерную зброю, і што да 1 ліпеня ў Беларусі будзе пабудавана сховішча ядзернай зброі. Паводле прэзідэнта Расеі, кантроль за зброяй не будзе перададзены беларускім войскам.
Адсутнасць дэталяў, відаць, пацвярджае, што мэта аб’явы – даць сігнал праціўнікам Расеі – у першую чаргу Злучаным Штатам – што ў іх яшчэ ёсць час, каб змяніць траекторыю і ўзгадніць умовы з Расеяй, каб гарантаваць, што сховішча застанецца пустым. Калі б ядзерная зброя ў Беларусі была патрэбная ў ваенных мэтах, Расея наўрад ці заявіла б пра гэта публічна, загадзя і ў пэўныя тэрміны. Але шанец запалохаць літоўцаў і палякаў выльецца і ў большую ўвагу да Беларусі з боку NATO. Беларускія сховішчы ядзернай зброі, месцы размяшчэння ракет і аэрадромы стануць асноўнымі аб’ектамі ў выпадку глабальнай эскалацыі расейска-ўкраінскага канфлікту», – папярэджвае амерыканскае выданне.
***
Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў аб магчымым візіце свайго расейскага калегі Уладзіміра Пуціна ў Турцыю. Расейскі прэзідэнт можа прыехаць на адкрыццё атамнай электрастанцыі «Аку». Яно адбудзецца 27 красавіка. Будаўніцтва пачалося ў 2018 годзе. І тады Уладзімір Пуцін не наведваў Анкару, а ўдзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі па відэасувязі. Магчымы візіт павінен прайсці ў разгар перадвыбарнай кампаніі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана. Пры гэтым нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung адзначае, што: «прэзідэнт Турцыі ідзе на відавочныя саступкі ў адносінах з Захадам, асабліва напярэдадні выбараў».
«Напрыклад, згаджаецца на ўступленне Фінляндыі ў NATO і прымае меры, накіраваныя на выкананне санкцый супраць Расеі. Але мы не выключаем, што дзейны прэзідэнт можа прайграць выбары. І шмат у чым гэта звязана з наступствамі разбуральных землятрусаў у Турцыі. У партыі Эрдагана ёсць два месяцы, каб даказаць выбаршчыкам, што аднаўленне краіны – у надзейных руках. У апанентаў на гэта будзе пяць гадоў, калі яны сфарміруюць новы ўрад», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
У нядзелю Фінляндыя абірала новы парламент. Нягледзячы на тое, што ўсе партыі адзіныя па пытанні ўступлення краіны ў NATO, уяўляецца сумнеўным, што гэтая аднадушнасць здольна гарантаваць захаванне пасады дзейнаму прэм’ер-міністру Санне Марын. Мяркуючы па дадзеных апытанняў, узначаленыя Марын сацыял-дэмакраты набылі моцных канкурэнтаў у асобе правапапулісцкай партыі «Сапраўдныя фіны». Партыі ішла ноздра ў ноздру, аднак абедзве саступаюць фаварыту гонкі – Кааліцыйнай партыі. «Калі раптам перамогуць «Сапраўдныя фіны», то гэты факт кардынальным чынам зменіць аблічча краіны», – падкрэслівае фінская газета Helsingin Sanomat.
«Рыікке Пура атрымалася пашырыць электарат партыі, і зараз яе падтрымлівае значная колькасць грамадзян, прычым усе па самых розных меркаваннях. І зразумела, нельга ўсіх іх раўняць! Аднак гэта нічога не мяняе ў тым сэнсе, што ў Еўропе «Сапраўдныя фіны» ставяцца на адну дошку з такімі партыямі, як ЭКРЭ ў Эстоніі, АдГ у Германіі, Ліга ў Італіі і Нацыянальнае аб’яднанне Марын Ле Пэн у Францыі: і ўсе яны ўваходзяць у Еўрапарламенце ў тую ж фракцыю, што і «Сапраўдныя фіны». На гэтую ж дошку будзе пастаўлена і Фінляндыя, калі партыя атрымае перамогу. Калі па выніках выбараў у панядзелак высветліцца, што «Сапраўдныя фіны» атрымалі большасць галасоў, то тады Фінляндыя раптоўна стане зусім іншай краінай», – прагназуе фінскае выданне.
***
Амерыканскі фінансавы рэгулятар падаў пазоў супраць Binance. Камісія па гандлі таварнымі ф’ючэрсамі ЗША сцвярджае, што найбуйнейшая крыптабіржа парушала правілы фінансавага рынку. Размова ідзе сумарна аб васьмі палажэннях Закона аб таварных біржах, у прыватнасці, кампанія прадастаўляла паслугі без неабходнай ліцэнзіі. Акрамя таго, нягледзячы на забарону Вашынгтона, дапамагала амерыканскім фундатарам абыходзіць абмежаванні і гандляваць на замежных пляцоўках. Рэгулятар таксама западозрыў біржу ў інсайдэрскім гандлі. На гэтым фоне курс біткойна ўпаў на 4,5%. Па інфармацыі СМІ, ЗША жадаюць забараніць Binance і яе кіраўнікам весці бізнэс у краіне.
«Пры гэтым сама Binance», – як паведамляе амерыканская газета The Washington Post , – «называе абвінавачанні «нечаканымі і тымі, што расчароўваюць».
«Кампанія адзначае, што ўлівала значныя інвестыцыі, каб амерыканскія карыстальнікі не маглі выкарыстоўваць платформу. Напрыклад, у 7,5 разоў павялічылі штат камплаенс-кантролю. Некаторыя інвестары ўжо задумаліся аб тым, ці варта працягваць працаваць з біржай. У прыватнасці, швейцарскі крыптоброкер CryptoFinance заявіў, што абмяркоўвае ўнутры кампаніі магчымы разрыў адносін з Binance», – піша амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.