Больш за 100 тыс. іншаземцаў наведалі Беларусь па „бязвізе” з пачатку года
Усяго з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь уехала каля паўмільёна замежных грамадзян. Прыкладна 65% з іх – жыхары Літвы, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Наведванне Беларусі па бязвізавым рэжыме б’е рэкорды, нягледзячы на лагістычныя праблемы і цяжкасці з перасячэннем межаў. Так, з 1 студзеня бягучага года ў краіну ўехала па бязвізу 103.507 жыхароў Еўразвяза.
Асноўная частка з іх – грамадзяне Літвы (71 244 чалавек). З Латвіі ў Беларусь уязджала 22 714 чалавек, з Польшчы – 9549.
З пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму Беларусь наведалі 488 493 замежнікі. У тым ліку: 319 507 – з Літвы, 137 727 – з Латвіі, а таксама 31 259 – з Польшчы.
Бязвізавы парадак для грамадзян Літвы і Латвіі (а таксама асоб, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі) дзейнічае з 15 красавіка 2022 года па 31 снежня 2023 года. А для грамадзян Польшчы – з 1 ліпеня 2022 года па 31 снежня 2023 года.