Масква не збіраецца перадаваць Менску кантроль над ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі



Пазіцыя Расеі наконт размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі не змянілася, заявіў прэсавы сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў на брыфінгу 3 красавіка ў адказ на просьбу ўдакладніць, хто будзе кантраляваць гэты тып узбраення.

Ядзерная зброя, ілюстрацыйнае фота

«Я прапаную вам арыентавацца на тлумачэнні Уладзіміра Пуціна, якія ён зрабіў у інтэрв’ю Паўлу Зарубіну. Ён пра гэта там казаў», – цытуе ТАСС прадстаўніка Крамля. Уладзімір Пуцін, заявіў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе завершанае будаўніцтва спецыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі. «Мы не перадаем ядзерную зброю” – сказаў прэзідэнт РФ.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 31 сакавіка з пасланнем народу і парламенту, заявіў наконт кантролю над ядзернымі боезарадамі.

«Усё будзе па законе і па правілах. Бескантрольнай зброі і іншага ў Беларусі няма і быць не можа. Кіраваць усім, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», – сказаў ён.

Таксама 31 сакавіка прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў сказаў: «Навучанне Расеяй беларускіх пілотаў, мадэрнізацыя, магчымае размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі – рэакцыя на выклікі і рызыкі, перад якімі стаіць Рэспубліка Беларусь. Кантроль застаецца ў Расейскай Федэрацыі».