„Нёман” абыграў „Юнацтва” ў пятым матчы плэй-оф



У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя плэй-оф. У гарадзенскім Лядовым палацы спорту пяты матч у серыі да чатырох перамог правялі „Нёман” і „Юнацтва”. Хакеісты каманд не маглі адкрыць лік на працягу паўгадзіны гульнявога часу, але затым правялі адразу тры голавыя атакі за паўтары хвіліны. Спачатку абаронца гаспадароў Сяргей Рамановіч вывеў гаспадароў наперад, усяго праз 13 секунд гулец менскага клуба Захар Палішчук параўняў лічбы на табло, але неўзабаве Даніла Паліўка зноў забяспечыў „Нёману” лідарства. У выніку 2:1. Такім чынам, „Нёман”, які прайграў „Юнацтву” тры стартавыя матчы серыі, дамогся поспеху ў наступных дзвюх гульнях і скараціў адставанне ў паўфінальным двубоі да мінімуму – 2-3. Шостая гульня адбудзецца на лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны” заўтра.

«Чэлсі» і «Ліверпуль» другі раз у сезоне АПЛ згулялі нулявую нічыю

У перанесеным матчы 8-га тура англійскай Прэм’ер-лігі сустракаліся „Чэлсі” і „Ліверпуль”. Гульня праходзіла на стадыёне „Стэмфард Брыдж” у Лондане. Матч завяршыўся нулявой нічыёй. Арбітр двойчы адмяняў галы „Чэлсі” пасля прагляду відэапаўтору з-за парушэнняў правілаў.

„Ювентус” і „Інтэр” згулялі ўнічыю ў першым матчы 1/2 фіналу Кубка Італіі. На 83-й хвіліне матчу калумбійскі абаронца «Ювентуса» Хуан Куадрада вывеў сваю каманду наперад, але ў кампенсаваны час  бельгійскі нападнік гасцей Рамэлу Лукаку параўняў лік, рэалізаваўшы пенальці. „Фрайбург” выбіў „Баварыю” з Кубка Германіі, вырваўшы перамогу на апошняй хвіліне 2:1. У дададзены да другога тайма час у браму «Баварыі» быў прызначаны пенальці за гульню рукой. 11-метровы ўдар рэалізаваў Лукас Хелер.

Азаранка абыграла Стывенс на турніры ў Чарльстане

Беларуска Вікторыя Азаранка, 18-я ракетка свету, выйшла ў трэці круг грунтавога турніру катэгорыі ВТА-500 у Чарльстане з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У паядынку другога круга турніру Азаранка абыграла 50-я ракетку свету амерыканку Слоан Стывенс — 3:6, 6:3, 6:2. Працягласць матча склала 2 гадзіны 3 хвіліны. Па ходу гульні Азаранка ні разу не падала навылёт, дапусціла чатыры падвойныя памылкі і рэалізавала сем брэйк-пойнтаў з дзевяці.  Наступнай суперніцай Вікторыі стане расійская тэнісістка Ганна Калінская, якая раней абыграла францужанку Алізэ Карнэ.

У Берасці стартаваў адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні

У Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту стартаваў адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні.

Анастасія Шкурдай ўстанавіла новы нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 метраў на спіне – 2.06,95 секунды. Гэта трэці вынік сезона ў свеце.

Са свайго ранейшага рэкорду Анастасія зняла амаль дзве з паловай секунды. Заяўкі на ўдзел у чэмпіянаце падалі 310 чалавек з Беларусі і Расіі, у ліку суіскальнікаў узнагарод – усе наймацнейшыя плыўцы Беларусі. Сёння будуць разыграны восем камплектаў медалёў.

Праз 100 гадоў Берлін зноў мае намер стаць гаспадаром Алімпіяды

Берлін плануе падаць заяўку на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў 2036 года. “Берлін можа стаць месцам правядзення Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Германіі ў рамках магчымай нацыянальнай заяўкі з устойлівай канцэпцыяй. Раней Алімпіяда ў Берліне праходзіла ў 1936 годзе – у перыяд насаджэння ў краіне нацысцкага рэжыму. Прыход да ўлады нацыянал-сацыялістычнай партыі на той момант не паўплываў на рашэнне МАК аб правядзенні Алімпіяды ў сталіцы Трэцяга рэйха.

Беларускае Радыё Рацыя