„Бахмуцкі сіндром”
Слова „прымусовы” амаль ва ўсіх выклікае негатыўныя асацыяцыі, і фармулёўкі з ім нагадваюць калі не аб гвалце над свабодай, то аб нейкім ушчамленні або пакаранні. Але на такую недэмакратычную меру, як прымусовая эвакуацыя дзяцей з 21 населенага пункта Данбаса, прыйшлося пайсці Міністэрству па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны.
Механізм быў ухвалены ўрадам яшчэ ў пачатку сакавіка, і толькі 4 красавіка прымусовая эвакуацыя была абвешчана афіцыйна. Чаму ўкраінская ўлада выкарыстоўвае такі метад? Існуе паняцце „Бахмуцкі сіндром” – у гэтым горадзе са жніўня 2022 года не спыняюцца актыўныя баявыя дзеянні, тым не менш жыхары катэгарычна адмаўляюцца пакінуць Бахмут. Акупанты працягваюць знішчаць украінскія населеныя пункты на Усходзе краіны, і калі бацькі свядома падвяргаюць дзяцей смяротнай небяспецы, то зараз з’явіліся законныя падставы ў загаднай форме выратаваць іх жыцці.
Прычын у „Бахмуцкага сіндрому” некалькі. З самага пачатку акупанты стварылі інфармацыйную блакаду, запалохвалі стандартнымі крамлёўскімі наратывамі, маўляў, пакуль мы тут, нацысты не забяруць вашых дзяцей на органы. Людзі, якія працяглы час пражываюць у зоне баявых дзеянняў, бачаць бяспеку ў іншым ракурсе: у нармальнай сітуацыі для бацькоў галоўнае, каб дзіця было накормлена, здаровае, апранута-абута і хадзіла ў школу, то тут калі яно перажыло яшчэ адзін дзень — гэта паказчык якасці жыцця ва ўмовах вайны. Плюс няшчасныя сем’і, дзе і ў мірны час да сваіх дзяцей не было справы. Плюс тыя, хто ніколі не выязджаў за межы сваёй вобласці. Для іх эвакуявацца – значыць выпасці з зоны камфорту: хай нават там страляюць і гінуць, затое дома. Плюс аптымісты, якія чакаюць, што ўсё з дня на дзень скончыцца. Чакаюць ужо год. І самае страшнае, што гэтыя дзеці ўжо адаптаваліся да сталага жыцця пад абстрэламі, не баяцца і нават разбіраюцца, гукі якога выгляду зброі чутныя ў дадзены момант.
Але калі пападаюць у бяспечныя ўмовы, насцярожана ставяцца да цішыні. На жаль, ёсць шмат выпадкаў, калі рашэнні дарослых застацца дома мелі трагічныя наступствы. Таму, у выпадку адмовы бацькоў выехаць, новы механізм эвакуацыі дазваляе прымусова забраць дзіця і вывезці яго на бяспечную тэрыторыю. Усё гэта павінна адбывацца ў прысутнасці сведкаў і старанна задакументавана. Экіпажы паліцыі, якія эвакуююць дзяцей на браніраваных аўтамабілях, сімвалічна называюцца «Белыя анёлы» – на чорных дзеці вайны за год ужо наглядзеліся.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя