40 гадоў таму не стала Ларысы Геніюш
7 красавіка спаўняецца 40 гадоў з таго часу, калі не стала вялікай беларускай паэткі, змагаркі, вязня сталінскага ГУЛАу Ларысы Геніюш (1910-1983).

Правесці слынную паэтку ў апошні шлях прыйшлі і прыехалі тысячы людзей не толькі з Зэльвеншчыны, але і з іншых гарадоў і вёсак Беларусі. Прафесар Аляксей Пяткевіч пры жыцці ўспамінаў: “Працэсія цягнулася з Зэльвы да самых могілак, а гэта даволі далёка. Людская плынь была густая, шырокая. Я помню, як аглядаўся ўвесь час, і мяне ўжо тады здзіўляла, што столькі людзей выйшла — практычна ўся Зэльва. Чым можна вытлумачыць такую масавасць? Я не сумняваюся, што прычына была ў тым, што Ларыса Геніюш з’яўлялася апальнай беларускай паэткай. Людзі добра ведалі, што яна — persona non grata ў сябе на радзіме. Людзі не маглі выказаць да яе сваіх пачуццяў, сваіх адносінаў, хоць яна жыла побач з імі. А вось правесці ў апошні шлях чалавека, якога шануеш, — гэта іншая справа. І людзі зрабілі гэта — уся Зэльва выйшла. Гэта была праява здаровага народнага духу”.
Пахавалі Ларысу Геніюш на зэльвенскіх могілках побач з мужам Янкам Геніюшам. Пазней творчая інтэлігенцыя Беларусі паставіла ім помнік.
Да 100-годдзя паэткі ў 2010 годзе з хаты, дзе яна жыла, была сарвана мемарыяльная шыльда. Да 40-годдзя яе смерці – дэманціраваны помнік Ларысе Геніюш, які знаходзіўся на тэрыторыі зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы… Але назаўсёды засталася памяць пра вялікую дачку беларускага народа, памяць знішчыць немагчыма. Засталася і вершы паэткі:
Мы – як зубры,
Мы у сябе дома,
Тутэйшыя, што ад вякоў жывуць.
Мы – як дубы,
Нас можна знішчыць громам,
Але з зямлі нас роднай
Не скрануць…



Беларускае Радыё Рацыя