Пра нежаданне мець нічога агульнага з Маскоўскім кіраўніцтвам, у тым ліку рэлігійным
Зусім нядаўна беларускія праваслаўныя святары Георгі Рой і Аляксандр Кухта былі прынятыя ў юрысдыкцыю Усяленскага Патрыярхату. Прапаную вачыма свецкага чалавека паглядзець на тэндэнцыю, якую абазначылі айцы Георгі і Аляксандр.
-

Ілюстрацыйнае фота
Вось як тлумачыць учынак святароў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія»: «Дзеля рэзонаў сумлення яны не могуць працягваць знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату».
Дзесяць гадоў таму ў 2013 годзе ў Беларусь Маскоўскі патрыярхат прыслаў з Расеі свайго намесніка – мітрапаліта Паўла. Згадваю паводле выдання «Наша Ніва»: «Прызначаны маскоўскім патрыярхам Кірылам мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел вядомы сваімі выказваннямі з скрайне нацыяналістычных, імперскіх пазіцый. … Ён заяўляе пра гатовасць Расеі «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць сваіх праціўнікаў».
І вось у 2023 годзе мы не проста бачым шантаж усяго свету ядзернай зброяй з боку Расеі, але і дэклараванне перамясціць яе на тэрыторыю Беларусі.
А што цяперашні прадстаўнік маскоўскай РПЦ у Беларусі мітрапаліт Веніянмін, наш, не прысланы, тутэйшы? Ён атрымаў сваю пасаду 25 жніўня 2020 году. Тады, калі ўжо не адзін беларускі праваслаўны святар рознага рангу выказаўся супраць ашалелага палявання лукашыстаў на мірных дэманстрантаў.
Веніямін не толькі не пярэчыў Лукашэнку, але не заступіўся ні за хоць аднаго з рэпрэсаваных праваслаўных святароў. То бок, дэ-факта падтрымаў і падтрымлівае тэрор.
А ў Расеі сёння праваслаўныя святары выконваюць ролю палітрукоў з агітаваннем за вайну. Не кажучы ўжо пра піяр-акцыі, калі святары асвячаюць зброю, у тым ліку ракеты, здатныя несці ядзерны зарад.
Беларусы як супольнасць не надта рэлігійныя ў класічным разуменні слова. Дый свае ўяўленні што да веры і абрадаў беларусы звычайна пакідаюць для сямейнага кола. Магчыма, такая асаблівасць характару звязаная са шматлікімі зменамі рэлігійнага фармату цягам гісторыі.
Названая акалічнасць ёсць дабром для беларусаў. Гэта не раз’яднанасць паводле рэлігійнай прыкметы. Гэта абарона ад папулізму і магчымага маніпулявання праз царкву.
А гісторыя айцоў Георгія Роя і Аляксандра Кухты – добры прыклад таго як можна не змяняючы сваю рэлігійную самаідэнтыфікацыю, заставацца чалавекам з чыстым сумленнем.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя