Прысуд светлагорскім «рэйкавым партызанам» пакінулі без зменаў



Прысуд светлагорскім «рэйкавым партызанам» пакінулі без зменаў, хутка іх этапуюць у калоніі.  Апеляцыйныя скаргі разглядалі ў Вярхоўным судзе 31 сакавіка. Нагадаем, Дзмітрыя Равіча  асудзілі да 22 гадоў калоніі, Дзяніса Дзікуна  — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года. У выніку тэрміны пакінулі без зменаў, а скаргі — без задавальнення, паведамляе  „Гомельская Вясна”.

Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага — на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з BYPOL. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме.

У хуткім часе Дзяніса этапуюць у горацкую калонію № 9, Алега — у наваполацкую калонію № 1, а Дзмітрыя — у магілёўскую калонію № 15.