Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі
У беларускай хакейнай экстралізе завяршылася паўфінальная стадыя плэй-оф. Другім удзельнікам фіналу стаў гарадзенскі „Нёман”, які выйграў серыю ў менскага „Юнацтва”. У шасці папярэдніх матчах супрацьстаяння каманды святкавалі па тры перамогі, і лёс пуцёўкі ў фінал вырашаўся ў сёмай гульні, якая адбылася ў гарадзенскім Лядовым палацы спорту. Паядынак прайшоў пры аншлагу: усе квіткі на матч былі прададзены за суткі да яго старту.
-

Фота: ХК Нёман (vk.com)
Пачатак сустрэчы застаўся за гасцямі: на 6-й хвіліне наперад „Юнацтва” вывеў Станіслаў Кучкін, які толькі пакінуў лаву для штрафнікоў. Бліжэй да канца перыяду „Нёман” атрымаў права на другую большасць, і на гэты раз свой шанц гарадзенцы рэалізавалі – лічбы на табло зраўняў Мікіта Рэмезаў. Другая трэць паядынку таксама скончылася ўнічыю. Спачатку памылкай гульцоў „Юнацтва” пры выхадзе з зоны скарыстаўся ўсё той жа Рэмезаў, а затым шайбу пад перакладзіну закінуў форвард мінчан Сяргей Дрозд – 2:2. У заключным гульнявым адрэзку „Нёману” ўпершыню ў матчы ўдалося адарвацца на два галы: хет-трыкам за гаспадароў вызначыўся Рэмезаў, яшчэ адзін дакладны кідок дадаў Павел Ажгірэй. За астатнія 10 з лішнім хвілін госці так і не змаглі збудаваць ніводнага галявога нападу. У выніку 4:2 у матчы і 4:3 у серыі, гарадзенцы ідуць далей, „Юнацтва” застаецца без медалёў.
Такім чынам, „Нёман” стаў першым клубам у гісторыі беларускай экстралігі, які змог выйграць серыю плей-оф, саступаючы па яе ходу з лікам 0:3. Супернікам гарадзенцаў па фінале стане дзеючы чэмпіён краіны жлобінскі „Металург”, які ў сваім паўфінале прайшоў салігорскі „Шахцёр”.
Усаў і Салаўёў закінулі па шайбе ў чэмпіянаце АХЛ
Беларусы Ілля Усаў і Ілля Салаўёў закінулі ў чэмпіянаце АХЛ. Пры гэтым Форвард „Сірак’юз Кранч” Усаў закінуў у другой сустрэчы запар.
„Сірак’юз Кранч” саступіў „Рочастэр Амерыкенс” — 2:3 у авертайме.
Усаў закінуў на 50-й хвіліне сустрэчы, зрабіўшы лік 2:2, перавёўшы гульню ў авертайм. Ён таксама выканаў два кідкі, скончыў паядынак з паказчыкам карыснасці „0” і прызнаны трэцяй зоркай матча.
Футбалісты БАТЭ і „Мінска” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты барысаўскага БАТЭ не змаглі ўтрымаць перамогу над „Мінскам” у гасцявым матчы 3-га тура чэмпіянату Беларусі.
Сустрэча на полі ФК „Мінск” прайшла з перавагай барысаўчан, якія выйшлі наперад у сярэдзіне першага тайма пасля дакладнага ўдару Сідзі Банэ. Пасля перапынку Максім Касараб зраўняў лік, потым Валерый Грамыка з пенальці зноў вывеў БАТЭ наперад, а незадоўга да фінальнага свістка капітан мінчан Данііл Душэўскі эфектным ударам з далёкай дыстанцыі ўсталяваў канчатковы лік – 2:2.
„Манчэстэр Юнайтэд” „усухую” абыграў „Эвертан”
„Манчэстэр Юнайтэд” перамог над „Эвертанам” у хатнім матчы 30-га тура чэмпіянату Англіі — 2:0. Галамі адзначыліся Мактомінай і Марсьяль. Перарвалася чатырохматчавая серыя „ірысак” без паразаў.
„Гарызонт” перамог „Гомельскіх рысяў” у 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі
На жаночым чэмпіянаце Беларусі адбыліся другія паядынкі паўфінальных серый. Лідары рэгулярнага сезона баскетбалісткі „Гарызонта” без праблем перайгралі на сваёй пляцоўцы „Гомельскіх рысяў” 76:55. У першай хатняй гульні дзеючыя чэмпіёнкі краіны таксама былі мацнейшыя – 97:69. Такім чынам, падначаленым Наталлі Трафімавай для выхаду ў фінал засталося атрымаць усяго адну вікторыю. Трэці матч серыі да трох перамог адбудзецца 13 красавіка ў Гомелі.
Беларускае Радыё Рацыя