КДБ правярае ваенізаваную ахову на чыгунцы, адбываюцца затрыманні



Як стала вядома «Нашай Ніве», у філіялах ва ўсёй краіне адбываюцца затрыманні і звальненні.

Ваенізаваная ахова на чыгунцы — гэта асобная структура ў рамках Белчыгункі. Узброеныя і навучаныя людзі, пры патрэбе, ахоўваюць грузы па дарозе і на чыгуначных станцыях. Масты, пераезды.  Імаверна, многія з гэтых людзей былі задзейнічаныя пры двухбаковым руху вайсковай тэхнікі і зброі: спачатку Расея перакідвала сюды сілы, потым у Беларусі сталі забіраць яе запасы зброі для папаўнення арсеналаў расейкага войска.

Паводле «Нашай Нівы», з мінулага тыдня органы дзяржбяспекі правяраюць супрацоўнікаў ваенізаванай аховы.  Арышты і звальненні адбываюцца ў філіялах па ўсёй краіне. У прыватнасці, паведамляецца, пра такія факты ў Баранавічах – буйным чыгуначным вузле, вакол якога шмат палігонаў і вайсковых часцей, а таксама ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях.