Для чаго ў Беларусі ідзе прыхаваная мабілізацыя?



Каторы дзень запар я рэгулярна бачу навіны пра тэрміновую адпраўку беларускіх мужчын на вайсковыя зборы.

Найбольш яскравай была карціна з Лунінца Берасцейскай вобласці. Там мужчыну літаральна вынялі з ложку, і адправілі на пункт збору ледзь не ў майтках. Пры гэтым дакументаў адразу ніякіх не прад’явілі.

Такія паводзіны службоўцаў сведчаць пра велізарную спешку ў ваенных структурах Лукашэнкі. А цяпер зусім свежая інфармацыя. Фактычна прымусова мабілізаваных плануюць ставіць у ахову складоў і аэрадромаў.

Чаму смела можна ўжываць слова «мабілізаваны»? Бо ахова аэрадрому ў сітуацыі калі адзін з іх быў атакаваны, гэта ўвод чалавека ў параметры рэальных баявых дзеянняў. Я маю на ўвазе атаку на расейкі самалёт на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам. Хто сказаў, што падобныя атакі не паўторацца?

Яшчэ пытанне – а чаму дзейных у войску салдат не дастаткова для аховы? Магчыма, больш падрыхтаваныя, у адрозненне ад прызваных на зборы, салдаты патрэбныя для больш складаных задач, чым ахова? А якіх?

Калі сачыць за аглядальнікамі вайны ва Украіне, то робіцца зразумелым, што контрнаступ ЗСУ не толькі чакаецца бліжэйшым часам, але ён разглядаецца як патэнцыйна паспяховы.

Поспех як такі нават не ставіцца пад сумнеў. Дыскусіі вядуцца пра ступень поспеху. Вызваленне Мелітопаля і выхад да адміністратыўнай мяжы з Крымам? Вызваленне ўсёй тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай вобласцяў? А можа ўсё будзе больш непрадказальным? Можа ЗСУ пяройдуць расейскую мяжу і ўдараць ворагу ў тыл? Пра рэаліі контрнаступу свет дазнаецца па факце.

Але калі палітычнае кіраўніцтва Украіны гатовае пераходзіць расейскую мяжу, чаму Лукашэнка мусіць быць спакойным наконт дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь?

Размовы пра расейскую ядзерную зброю ў Беларусі мусіруюцца ад канца сакавіка. Я схільны падтрымаць версію шэрагу палітычных аналітыкаў, што размовы вядуцца дзеля інфармацыйнага туману. Дзеля спробы паўплываць на рашучасць украінскага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва, а таксама заходніх саюзнікаў Украіны. Маўляў, а мы па вас тактычнай ядзернай зброяй лупянём.

Але на Захадзе не баяцца падобных пагрозаў, бо на адказ можна звычайнай, але сучаснай, зброяй, знішчыць усе пускавыя шахты для ракет і тактычнага і стратэгічнага прызначэння.

Таму Лукашэнка і нервуецца, і ладзіць схаваную мабілізацыю. Гадзіннік цікае не ў бок дыктатара.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя